Станіслаў Гусак: Гэта не выбары – гэта галасаванне
- 7.08.2012, 15:58
«Я не буду прымаць удзел у гэтай прафанацыі ўсенароднага маштабу. Няма сэнсу туды ісці», - кажа экспэрт.
Энергетык, аўтар праекту Балтыйска-Чарнаморскага энергетычнага калектара Станіслаў Гусак падзяліўся сваім меркаваннем з сайтам charter97.org.
- Ці пойдзеце вы на “выбары”?
- Пасля 1994 года я на выбары не хаджу. Гэта не выбары – гэта галасаванне.
Смешна, калі старшыня ЦВК Ярмошына гаворыць, што ў нас выбары прайшлі адпаведна закону. Можа і сапраўды, сам дзень выбараў прайшоў адпаведна закону. Але выбіраць чалавека трэба не ў гэты дзень. А чалавека гэтага трэба выбіраць, як толькі пачаўся час пасля абвяшчэння выбараў. І вось з гэтага моманту мы павінны бачыць нашага кандыдата. Прэтэндэнты мусяць мець магчымасць публічна даць адказы на пытанні выбаршчыкаў ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Выбаршчыкі павінны кантактаваць з кандыдатамі ад апазіцыі. Гэта абавязкова. А ў дзень галасавання іх запрашаюць прыйсці на ўчастак, каб аддаць свой голас за каго-небудзь. Чалавек прыходзіць, адкрывае гэты спіс і нікога з гэтага спіса не ведае. І яму няма розніцы, за каго галасаваць. І калі яму яшчэ нехта там падкажа крыху, ён так і прагаласуе. У нас так адбываецца падчас лукашэнкаўскіх так званых выбараў. Мы павінны разумець, што Лукашэнка прыйшоў таксама не без дапамогі Крамля. І як толькі ён прыйшоў да ўлады, ён стварыў такую сістэму прыдушэння іншадумцаў і ўсіх, хто залічваў сябе да апазіцыі, што людзі сёння абсалютна не ведаюць тых каштоўнасцяў, на якія абапіраецца апазіцыя.
- Што параіце людзям, якія яшчэ не вызначыліся?
- Людзям раю не хадзіць туды, не ўдзельнічаць.
- Як вы ставіцеся да таго, што ўсё ж такі апазіцыя не прытрымліваецца адзінай стратэгіі?
- Кожны чалавек мае права на сваю пазіцыю ва ўсіх палітычных справах. Калі яны лічаць, што маюць рацыю, то хай удзельнічаюць. Але я лічу, што гэта памылка.
- Ці трэба прымаць удзел у назіранні?
- Я думаю, што толькі ў кантролі (назіранні) варта. Трэба ведаць, якім махлярствам займаецца рэжым. Калі будзем ведаць інструмент махлярства, тады можна супрастаяць. Таму я лічу, што назіраць трэба. А галасаваць няма сэнсу.
Выбары павінны праходзіць у незалежнай дзяржаве. Мы ж сёння знаходзімся у калоніі Расіі. Гэта трэба ўсім разумець, што за сваю свабоду трэба будзе яшчэ пазмагацца. Кіраванне арміяй ужо часткова перададзенае ў Маскву. Масковія валодае сёння значнай часткай прадпрыемстваў, транснацыянальных кампаній. Пастулат, вядомы ў палітыцы: той, хто валодае інфраструктурай, той валодае тэрыторыяй. Рэжым, што цяпер у нас існуе – рэжым акупацыйны. Ён адпавядае тым дзеянням, якія робіць. У калоніі галасаваць немагчыма.