Таццяна Рэвяка: «Выбары» 2008 года і цяперашнія - гэта неба і зямля
- 7.08.2012, 16:34
Толькі прааналізаваўшы рэгіянальныя газеты, можна ўжо сказаць, хто будзе ў «парламенце».
Праваабаронца Тацяна Рэвяка распавяла сайту charter97.org, чым адрозніваецца абстаноўка на цяперашніх «выбарах» ад папярэдніх.
«Калі параўноўваць палітычны фон 2008-га года і сёння, то гэта неба і зямля, вельмі моцна адрозніваецца. Падчас мінулых «выбараў» вызвалілі палітвязняў, быў перыяд лібералізацыі. А цяпер «выбары» праходзяць ва ўмовах, калі ўдзельнікі папярэдніх «выбараў» знаходзяцца ў турмах. Такія «выбары» з самага пачатку нельга назваць «свабоднымі», - лічыць праваабаронца.
«Выбары» праходзяць млява
«Назіраем адсутнасць агульнай стратэгіі. Увогуле, «выбары» праходзяць даволі млява, мы не бачым актыўнасці. На мінулых «выбарах» у «палатку» была вялікая колькасць прэтэндэнтаў на «дэпутацкія» месцы і было больш магчымасцяў для агітацыі і збору подпісаў. У гэтым годзе ўсё рэгулюецца спецыяльна падрыхтаванымі законамі. Фактычна, кандыдаты ў «дэпутаты» могуць праводзіць агітацыю толькі на задворках», - распавяла праваабаронца.
Ярмошына - галоўны кандыдат у «дэпутаты»
«Мы бачым пэўны штыль ў дзяржаўных СМІ, дзе падаецца мінімум інфармацыі пра «выбары». Лідзія Ярмошына - адзіны рухавік гэтага працэсу. Па тэлеканалах паказваюць толькі яе. Такое адчуванне, што адна старшыня ЦВК прэтэндуе на ўвесь «парламент». Астатнія кандыдаты ў «дэпутаты» не маюць доступу да рэспубліканскіх СМІ», - падзялілася Таццяна Рэвяка.
Ужо вядома, хто патрапіць у «палатку»
«Рэгіянальныя СМІ піяраць тых, каго ўжо прызначылі зверху. Прааналізаваўшы рэгіянальныя газеты, можна ўжо сказаць, хто будзе ў «парламенце». Праз месяц людзям ісці на «выбары», а з каго рабіць выбар? Толькі з тых, каго рэкламуюць дзяржаўныя СМІ. Астатнія як-быццам пад забаронай», - падкрэсліла праваабаронца.