Дыпламатычная крыніца: ЕЗ можа адклікаць амбасадараў з Беларусі
- 9.08.2012, 12:13
Рашэнне аб гэтым можа быць прынята ў пятніцу ў Брусэлі.
Афіцыйны Менск у мінулую пятніцу адмовіў у прадаўжэнні акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану. У адказ скандынаўская краіна выслала са Стакгольму трох беларускіх дыпламатаў. Учора стала вядома, што ўсім супрацоўнікам амбасады Швецыі ў Менску прадпісана пакінуць краіну да канца жніўня, нагадвае брусэльскае выданне EUobserver
(пераклад - charter97.org). Больш за тое, учора было абвешчана пра закрыццё амбасады Беларусі ў Стакгольме.
«Адклікаць дыпламатаў еўрапейскіх краін у іх сталіцы для кансультацый - гэта той мінімум, які можа зрабіць ЕЗ у дадзенай сітуацыі, - сказала дыпламатычная крыніца ў Бруселі. - Гэта будзе натуральным крокам у дадзенай сітуацыі».
«Мяч знаходзіцца цяпер на баку Швецыі, але ўсе хочуць выказаць салідарнасць з ёй», - сказаў іншы еўрапейскі чыноўнік. Ён таксама пацвердзіў верагоднасць адклікання амбасадараў краін ЕЗ з Менска.
Пакуль афіцыйнай рэакцыі шведскага МЗС і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў на апошні дэмарш беларускіх улад не было.
Нагадаем, дыпламатычны скандал стаў працягам гісторыі шведскага «плюшавага дэсанта».
Як паведамляў сайт charter97.org, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёта да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзведзяў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў шведам кватэру. Маладым людзям прад'явілі абвінавачванні ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Ім пагражае да 7 гадоў турмы.