Францыя салідарная са Швецыяй
- 9.08.2012, 16:10
Францыя заклікае Беларусь аднавіць нармальныя дыпламатычныя адносіны са Швецыяй.
Пра гэта заявіў намеснік прэс-сакратара МЗС Францыі Венсан Флорэані 9 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Парыжы.
«Францыя падзяляе неспакой (кіраўніка дыпламатыі Еўразвяза) Кэтрын Эштан адносна адмовы Менска падоўжыць акрэдытацыю амбасадара Швецыі ў Беларусі. Мы салідарныя са шведскімі ўладамі і заклікаем Беларусь аднавіць нармальныя дыпламатычныя адносіны са Швецыяй», - цытуе Флорэані РІА Новости.
Ён адзначыў, што краіны ЕЗ, і ў тым ліку Францыя, абмяркуюць беларуска-шведскія адносіны 10 жніўня на пасяджэнні Камітэта па палітыцы і бяспецы ЕЗ.
Нагадаем, на мінулым тыдні Менск экстрана пакінуў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, якому ўлады Беларусі адмовілі ў падаўжэнні акрэдытацыі. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.
8 жніўня МЗС Беларусі выступіў з заявай, у якой абвясціў, што супрацоўнікі беларускай амбасады ў Швецыі ў поўным складзе адкліканыя з гэтай краіны. У сваю чаргу шведскаму боку прапанавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менска да 30 жніўня.