BE RU EN

«Газпрам» перастане купляць чужы газ

  • 10.09.2012, 9:41

«Газпрам» адмовіцца ад куплі газу ў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай далейшага перапродажу.

Такім чынам газавая манаполія хоча падтрымаць уласную здабычу, пішуць «Ведомости».

Прыпыненне закупак датычыцца самога «Газпрама», але гаворкі аб аналагічных мерах з боку яго «дачок» не ідзе. Акрамя таго, расейская газавая манаполія не спыніць транспарціроўку чужой сыравіны па сваіх трубах.

Выданне адзначае, што «Новатэк» прадае «Газпраму» каля 42 мільёнаў кубаметраў газу ў суткі, што складае каля 28 адсоткаў здабычы незалежнага вытворцы. «Лукойл» пастаўляе газавай манаполіі 27 мільёнаў кубаметраў газу ў суткі (60 адсоткаў здабычы кампаніі ў жніўні). Яшчэ 8,6 мільёна кубаметраў «Газпрам» закупляе ў сумеснага прадпрыемства «Ітэры» і «Новатэка» - «Сібнафтагазу».

«Газпрам» валодае манаполіяй на экспарт газу з Расеі, таму многія незалежныя пастаўшчыкі прадаюць яму сваю сыравіну. Рэалізоўваць газ на ўнутраным рынку яны могуць самастойна. Намеснік кіраўніка ФАС Анатоль Галамолзін заявіў газеце, што дзеянні «Газпрама» могуць быць кваліфікаваныя як злоўжыванне дамінуючым становішчам, але пакуль скаргаў ад газаздабываючых кампаній не паступіла.

У пачатку жніўня здабыча «Газпрама» упала да двухгадовага мінімуму, склаўшы 988,7 мільёна кубаметраў у суткі. У цэлым здабыча «Газпрама» у бягучым годзе адстае ад леташняга графіка. Па стане на 8 жніўня манаполія здабыла 294 мільярды кубаметраў, што на 6 адсоткаў менш за паказчык аналагічнага перыяду 2011 года.

У той жа час, паводле прагнозу Мінэканамразвіцця, за ўвесь 2012 год здабыча газу ў Расеі вырасце з 670 да 697 мільярдаў кубаметраў. У канцы чэрвеня ў расейскай газавай манаполіі тлумачылі скарачэнне здабычы ростам падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Па дадзеных дзелавых СМІ, здабыча таксама можа зніжацца з-за падзення попыту ў Еўропе.

Апошнія навіны