Зняволеныя павіншавалі Статкевіча з Днём беларускай вайсковай славы
- 11.09.2012, 17:39
Зняволеныя турмы, дзе трымаюць Мікалая Статкевіча, на Дзень беларускай вайсковай славы крычалі яму «Жыве Беларусь!».
Экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які ўтрымліваецца ў Магілёўскай турме, дакладна вядома, што 8 верасня каля ўваходу ў турму яго аднадумцы зладзілі феерверк, прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы. Жонка палітыка Марына Адамовіч падзялілася звесткамі пра мужа:
«Каля сцен турмы быў учынены ў гонар Мікалая феерверк, салют. Ён зразумеў, у чый гонар гэта было. І ў турме зразумелі. Зняволеныя, відаць, адсочваюць сітуацыю, так як зноў крычалі для Мікалая: «Жыве Беларусь!» Гэта мне дакладна вядома».
Пра самога Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што ён па-ранейшаму ў камеры з яшчэ адным зняволеным, на здароўе не скардзіцца, захоўвае добры настрой, перадае «Радыё Свабода».
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення за падзеі 19 снежня 2010 года. Палітвязня трымаюць у крытай турме нібыта як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму.