BE RU EN

Крыстафер Сміт: Захад павінен больш уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі

  • 12.09.2012, 11:48

Амерыканскі кангрэсмен заклікаў дэмакратычныя краіны да аб'ектыўнай ацэнкі беларускіх «выбараў».

«За некалькі тыдняў да «выбараў» у Беларусі ніхто не сумняваецца, што яны будуць сфальсіфікаваныя. Але, нягледзячы на гэта, дэмакратычныя краіны павінны даць зразумець Аляксандру Лукашэнке, што яны будуць назіраць за сітуацыяй», - заявіў Крыстафер Сміт.

Ён звяртае ўвагу на тыя парушэнні, якія адбыліся ў апошні час. Сярод - адмова ў рэгістрацыі Аляксандру Мілінкевічу, затрыманні незалежных журналістаў і дэмакратычных актывістаў, прыводзіць словы кангрэсмена амерыканскае выданне The Hill (пераклад - charter97.org).

Таксама Крыстафер Сміт адзначае занадта невялікае прадстаўніцтва апазіцыі ў выбарчых камісіях.

«Публічная крытыка з боку Лукашэнкі кіраўніка назіральнікаў ад АБСЕ Матэа Мекачы, паказвае на стаўленне дыктатара да іх місіі і на тое, што стаўка зноў робіцца на самаізаляцыю краіны», - піша кангрэсмэн.

Крыстафер Сміт нагадвае ў сваім звароце пра зніклых палітыкаў і рэпрэсіі, якія праводзіліся ў Беларусі падчас кіравання Лукашэнкі. Асаблівую ўвагу ён звяртае на разгон акцыі 19 снежня 2010 года.

«Напярэдадні апошніх выбараў у снежні 2010 года з'явіліся прыкметы таго, што апазіцыі будзе дазволена весці кампанію больш свабодна. Тым не менш, у дзень выбараў мірныя дэманстранты былі збітыя АМАПам. Каля 700 чалавек было затрымана, у тым ліку сем апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты», - кажа ён.

У заключэнне Крыстафер Сміт заклікаў назіральнікаў АБСЕ аб'ектыўна ацаніць ход «выбараў» і даць ім «ясную і катэгарычную» ацэнку.

«Маніторынг гэтых выбараў павінен быць моцным сігналам для беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду», - заявіў ён.

Крыстафер Сміт з'яўляецца старшынёй Хельсінкскай камісіі ЗША і старэйшым членам Камітэта па замежных справах у Кангрэсе ЗША.

Апошнія навіны