Другі дзень марафону салідарнасці: «Разбуры турмы муры» (Фота, відэа)
- 12.09.2012, 15:18
Другі дзень марафону салідарнасці з палітвязнямі прайшоў на Управе БНФ.
Як паведамілі charter97.org, адкрыццё пачалося з выставы работ вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна.
Пушкін распавёў пра гісторыю стварэння кожнай са сваіх работ, прывезеных з сабой. Зміцер Вайцюшкевіч адыграў цэлы канцэрт. Гучалі такія легендарныя песні, як «Разбуры турмы муры», «Я нарадзіўся тут», «Дзе мой край»... Зала актыўна падпявала.
У перапынках паміж песнямі Алесь і Зміцер актыўна размаўлялі з залай, выказвалі словы падтрымкі родным і блізкім палітвязняў, напісалі лісты для кожнага вязня.
Таксама Зміцер Вайцюшкевіч правёў невялікі ўрок беларускай мовы. У канцы мерапрыемства арганізатары паднеслі зорным гасцям невялікія падарункі - плюшавых медзведзянятаў, якія сталі па злой іроніі сімваламі барацьбы за свабоду Беларусі, з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Нагадаем, «Музычны марафон салідарнасці» стартаваў 10 верасня ў Менску. Выступленні будуць праходзіць з панядзелка да пятніцы а 18-й гадзіне на Управе Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3).
Мерапрыемствы закліканы нагадаць грамадству, што ў няволі застаюцца 16 палітвязняў. Арганізатары спадзяюцца, што аўтарытэтныя беларускія персоны змогуць прыцягнуць увагу да гэтай праблемы і паспрыяць іх вызваленню. Уваход на мерапрыемства вольны, але праводзіцца збор ахвяраванняў сем'ям палітвязняў.