Прафсаюз «Граніту» падтрымаў пратэстуючых дактароў
- 14.09.2012, 15:39
Аб'яднанне незалежнага прафсаюзу прадпрыемства «Граніт» выказала салідарнасць з патрабаваннямі дактароў гарадскога шпіталя №2 Менска.
Сябры незалежнага прафсаюзу накіравалі адкрыты ліст на імя міністра аховы здароўя Васіля Жарко, перадае «Радыё Свабода».
У лісце, у прыватнасці, паведамляецца:
«Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя, наладзіўшы сабе жыццё ў раскошы, зусім забыліся пра тых, хто працуе ў цяжкіх умовах, ратуючы здароўе і жыццё нашых грамадзян. Некаторыя кажуць, што дактары патрабуюць занадта высокага заробку. Але параўнайце патрабаванні дактароў з даходамі чыноўнікаў, якія ўключаюць усялякія дадаткі і штомесячныя прэміяльныя, якія часам дасягаюць 100%.
Нашы падаткі павінны ісці на развіццё аховы здароўя, а не на росквіт чыноўнікаў і іх сямейных кланаў. Беларускія дактары павінны атрымліваць годны заробак, які забяспечыць ім паўнавартаснае жыццё і павагу ў грамадстве.
Звяртаемся да працоўных калектываў Беларусі з прапановай падтрымаць патрабаванні дактароў 2-га гарадскога шпіталя Менска. Наш народ павінны лячыць сапраўдныя прафесіяналы, а не бяспраўныя рабы, гатовыя працаваць за бясцэнак».
7 верасня стала вядома, што каля 30 дактароў Менскага гарадскога шпіталя №2 паабяцалі звольніцца пасля 30 верасня, калі ім не павысяць зарплату.