Генадзь Фядыніч: Улада доўга будзе тушыць гэты пажар
- 14.09.2012, 17:11
Прафсаюзны лідэр прагназуе масавыя забастоўкі рабочых.
Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч пракаментаваў сайту charter97.org забастоўку на полацкім вінзаводзе. Рабочыя гэтага прадпрыемства спынілі вытворчасць на ўсіх цэхах, таму што ім налічылі зарплату менш, чым 240 даляраў.
«Тое, што людзям плацяць такія зарплаты, ідзе насуперак з афіцыйнай палітыкай дзяржавы. І калі гэта прадпрыемства не стане налічваць людзям нармальныя зарплаты, рабочыя павінны змяняць кіраўніцтва», - упэўнены прафсаюзны лідэр.
«На іх месцы я б наогул перастаў працаваць, усімі зменамі рабочых. Пакуль кіраўніцтва не заплаціць нармальныя зарплаты. Бо на 240 даляраў нават сям'ю пракарміць немагчыма», - сказаў Генадзь Фядыніч.
«Калі рабочыя ацэньваюць сваю працу ў пэўную суму, а ім гэтыя грошы не плацяць, то яны павінны ставіць кіраўніцтву ўмовы і змагацца за годную зарплату. Нічога само сабой не зменіцца», - адзначыў эксперт.
«Гэта далёка не апошняя забастоўка. Рабочыя будуць баставаць і на іншых заводах. У нас шмат стратных прадпрыемстваў, што б там не казала ўлада. І многія рабочыя атрымліваюць не абвешчаныя уладай 10-12 мільёнаў рублёў, а па 2 мільёны, як гэтыя супрацоўнікі. Цяпер і на іншых прадпрыемствах пачуюць аб гэтай забастоўцы і астатнія рабочыя таксама пачнуць пратэставаць. Улада будзе доўга тушыць гэты пажар», - лічыць Генадзь Фядыніч.
Нагадаем, раніцай 14 верасня на полацкім вінзаводзе спыніліся ўсе цэхі. Рабочыя гэтага прадпрыемства пачалі стыхійную забастоўку, пасля таго як атрымалі разліковыя лісткі з зарплатай менш, чым 2 мільёны рублёў. Рабочыя вінзавода пакінулі працоўныя месцы і выйшлі на вуліцу.
Кіраўніцтва прадпрыемства адрэагавала на гэта абяцаннем да канца дня пятніцы пералічыць заработную плату работнікам прадпрыемства.