BE RU EN

Ярмошына патрабуе зрабіць больш жорсткім закон аб «выбарах»

  • 17.09.2012, 9:23

Старшыня ЦВК лічыць выбарчыя законы недастаткова строгімі.

Сваімі дзеяннямі прыхільнікі байкоту «выбараў» паказалі, што выбарчае заканадаўства Беларусі дапускае магчымасці яго вольнай інтэрпрэтацыі. Такое меркаванне ў эфіры праграмы «У цэнтры ўвагі» на тэлеканале «Беларусь 1» выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, падводзячы папярэднія вынікі перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, паведамляе БелТА.

«Тыя, хто не хоча ўдзельнічаць у «выбарах», жадае іх сарваць, паказалі, што мы павінны закон удасканальваць, рабіць яго ў пэўным плане больш строгім. Як аказваецца, дэмакратычнасць не ўсім на карысць», - адзначыла Лідзія Ярмошына.

Яна нагадала, што па ходзе перадвыбарнай агітацыі ЦВК прыйшлося дадаткова тлумачыць прымяненне палажэнняў Выбарчага кодэкса ў частцы правядзення дэбатаў, каб спыніць адкрытыя злоўжыванні. Некаторыя кандыдаты ў «дэпутаты» рэгістраваліся як давераныя асобы іншых кандыдатаў і атрымлівалі такім чынам магчымасць удзельнічаць у дэбатах некалькі разоў.

Кіраўнік ЦВК расказала, што рыхтуе пакет прапаноў з нагоды ўдасканалення выбарчага заканадаўства, у тым ліку ў частцы вядзення перадвыбарчай агітацыі.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу менчукоў на тое, што ў сталіцы з'явіліся невялікія чорна-белыя плакаты з інфармацыяй аб усіх прэтэндэнтах на месца ў парламенце. «Гэта ініцыятыва мясцовых уладаў, якія за свой кошт вырабілі плакаты, таму што самі кандыдаты адмаўляюцца, не бяруць сродкі, выдзеленыя для гэтага з бюджэту», - сказала кіраўнік ЦВК, падкрэсліўшы, што мае на ўвазе перш за ўсё тых, хто здымаецца з «выбараў».

Апошнія навіны