BE RU EN

У Літве могуць пачаць парламенцкае расследаванне па справе Бяляцкага

  • 17.09.2012, 10:18

Дырэктар Фонду грамадзянскай абароны, сябар Літоўскай Хельсінкскай групы Стасіс Каўшыніс просіць аб парламенцкім расследаванні ў сувязі са справай Бяляцкага.

З такой просьбай праваабаронца звярнуўся да старшыні камітэта Сейма па замежных справах Эмануэліса Зінгерыса і міністра замежных спраў Аўдронюса Ажубаліса.

На думку Каўшыніса, год таму, калі ўзнік скандал з-за раскрытых рэжыму Беларусі рахункаў кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, Мінюст не змог належным чынам аспрэчыць прадстаўленую ім раней Беларусі інфармацыю, піша ru.delfi.lt са спасылкай на Lietuvos rytas.

Як піша газета, калі высветлілася, што перададзеныя Літвой па хадайніцтве аб прававой дапамозе дадзеныя сталі падставай для арышту Бяляцкага, віцэ-міністр юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус адправіў ліст Мінюсту Беларусі.

«Паведамляем, што прадстаўленая намі інфармацыя ненадзейная», - пісалася ў лісце, з указаннем, калі былі адпраўленыя два лісты са згаданай інфармацыяй. Сябар Хельсінкскай групы лічыць, што чыноўнікі, якія адправілі ліст, не паклапаціліся пра тое, каб дакумент меў юрыдычную сілу ў беларускім судзе.

Па словах віцэ-міністра Вайткявічуса, у Літве суд прыняў бы пад увагу такі ліст.

«Ліст пісалі спецыялісты рабочай групы з МЗС і МУС. У гэтай групе удзельнічаў і я. Аб фармулёўцы казалі даволі доўга. Была мэта - стварыць умовы, каб гэтым дакументам скарысталіся ў судзе. Вырашылі, што дастаткова напісаць так. Больш шырокі каментар, з улікам усіх абставінаў, не лічыўся абавязковым», - пракаментаваў ліст Вайткявічус.

«У нашай краіне, калі б суд атрымаў такі ліст, пазіцыя была б зусім іншай. Але тое, што адбываецца з гэтай справай у Беларусі, не падобна на звычайны стандарт правасуддзя», - дадаў прадстаўнік Мінюста.

Суд Першамайскага раёна Менска ў канцы лістапада мінулага года прысудзіў кіраўніка арганізацыі «Вясна» Бяляцкага да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Справа аб ўтойванні падаткаў была распачата ў дачыненні да Бяляцкага пасля атрымання дадзеных з Літвы і Польшчы аб яго банкаўскіх рахунках.

Захад асудзіў гэты прысуд, назваўшы яго палітычна матываваным. Літва прынесла прабачэнні блізкім Бяляцкага, але абвінаваціла Менск у тым, што ён скарыстаўся міжнароднай дамовай у незаконных мэтах.

Апошнія навіны