Атамбаеў абмяркуе пытанне аб выдачы Бакіевых з Пуціным
- 17.09.2012, 11:06
Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным паставіць пытанне аб экстрадыцыі Бакіевых з Беларусі.
Пра гэта, па словах прадстаўніка аб'яднання «Мекен Шэйітэры» Асунбека Жамансарыева, паведаміў сам кіраўнік дзяржавы, піша kg.akipress.org.
Як паведамлялася раней, прэзідэнт Кыргызстана 12 верасня прыняў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый «Мекен Шэйітэры» і «Айкол - Ала-Тоо», якія патрабуюць экстрадыцыі Бакіева з Беларусі.
Паводле інфармацыі Жамансарыева, у сустрэчы прынялі ўдзел па тры чалавекі з кожнай арганізацыі. «Прэзідэнт паведаміў, што Кыргызстану будзе лягчэй дамагацца экстрадыцыі Бакіевых, калі ў нас на руках будзе прысуд суда ў дачыненні да іх. Ён адзначыў, што пытанне набудзе іншую форму, і ў нас будзе больш важкая падстава», - кажа прадстаўнік аб'яднання сваякоў загінулых у красавіцкай рэвалюцыі.
Паводле яго слоў, Атамбаеў таксама заклікаў сябраў «Мекен Шэйітэры» і «Айкол - Ала-Тоо» дзейнічаць цывілізавана, не ідучы на грубую канфрантацыю з прадстаўнікамі амбасады.
«Ён адзначыў, што ў гэтым выпадку мы можам стаць прычынай разрыву культурных і эканамічных сувязей з Беларуссю. Прэзідэнт нагадаў, што Кыргызстан і Беларусь уваходзяць у склад АДКБ, ёсць яшчэ Мытны саюз», - паведаміў Жамансарыеў.
«Тыя крокі, якія мы прарабляем для таго, каб судовы працэс працягваўся, прэзідэнт назваў правільнымі», - сказаў у заключэнне прадстаўнік сваякоў, загінулых у падзеях 7 красавіка.
Нагадаем, былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.