Анатоль Лябедзька: Байкот адбыўся
- 24.09.2012, 8:23
Беларускія палітыкі каментуюць вынікі «выбараў».
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў тое, што большасць беларусаў не прыйшлі на «выбары», дэманстрацыяй недаверу ўладам, перадае «Радыё Свабода».
«Фактычна мы маем сітуацыю вотуму недаверу не толькі выбарчай сістэме, але і ўладзе, якая арганізуе выбарчую сістэму. Я сам схадзіў без дваццаці восем вечара на выбарчы ўчастак, чым вельмі здзівіў тых людзей, якія там знаходзіліся. Я паглядзеў спіс, дзе прыкладна 15 выбаршчыкаў, толькі чатыры з іх прынялі ўдзел у галасаванні. Гэта была мая мэта, я сказаў дзякуй і забраў пашпарт. Адзін з кіраўнікоў камісіі мне ў сэрцах кінуў: «Гэта вы вінаватыя, што людзі не прыйшлі. Вы знялі сваю кандыдатуру». І тады мне давялося там сказаць усё, што я думаю аб гэтай сітуацыі. Вось гэты мой канкрэтны выпадак і тое, што мы атрымалі ад незалежных назіральнікаў кажа, што дэ-факта гэтых выбараў не адбылося», - сказаў Лябедзька.
Анатоль Лябедзька сказаў, што лічбы ў Беларусі маляваць можна і за іх не караюць:
«Практыка хлусні стала ўжо візітнай карткай уладаў. Гэта хлусня, маніпуляцыі, фальсіфікацыі. І гэта адказ на пытанне, чаму не пускаюць у выбаркамы сваіх апанентаў, чаму палітычная цэнзура не дазваляе нават гэтыя 5-хвілінныя выступы на радыё і тэлебачанні. Гэта поўная дыскрэдытацыя выбарчай сістэмы ў Беларусі. Гэта тупік».
Адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што, згодна з назіральнікам ад партыі, большасць беларусаў праігнаравалі «выбары».
«ЦВК бессаромна хлусіць, так як гэтыя лічбы радыкальна разыходзяцца з назіральнікамі. І не толькі з кампаніяй назірання «Народны кантроль», але і агульнага назірання. У Менску, практычна ва ўсіх буйных гарадах байкот адбыўся. І гэты факт важны. Ужо не так важна, што там намалюе Ярмошына. Да гэтага часу ўсе 15 гадоў беларускія «выбары» не прызнавала дэмакратычнае грамадства, апазіцыя і міжнародная дэмакратычная супольнасць. Гэта першыя так званыя «выбары» у Беларусі, якія ўжо сёння не прызнаў беларускі народ. Я лічу, што гэта маленькая перамога. І першы крок да свабодных выбараў, да свабоды ў Беларусі», - сказаў палітык.