BE RU EN

Івашкевіч: Удзел псеўдаапазіцянераў у «выбарах» нічога ім не даў

  • 24.09.2012, 14:59

Упершыню большасць людзей і апазіцыя дзейнічалі ў адным накірунку, лічыць палітык.

Адзін з лідэраў апазіцыі Віктар Івашкевіч распавёў сайту charter97.org, чаму кампанія байкоту мела такі поспех.

«Байкот адбыўся, на «выбары» не пайшлі больш за 70% людзей па Менску, і больш за 50% - па ўсёй Беларусі. Гэта адбылося ў выніку заклікаў апазіцыі да байкоту і, можа, нават у большай ступені, з-за недаверу людзей да ўлады і ўсіх яе інстытутаў», - сказаў палітык.

«Упершыню большасць людзей і апазіцыя дзейнічалі ў адным накірунку. Заклікі апазіцыі трапілі на глебу нежадання беларусаў супрацоўнічаць з рэжымам, таму гэта мела такі поспех», - лічыць Віктар Івашкевіч.

«Ну а тыя, хто ўдзельнічаў да канца, таксама паказалі, што знаходжанне іх прозвішчаў у бюлетэнях не паўплывала на прыход беларусаў на выбарчыя ўчасткі. Удзел псеўдаапазіцыянераў у «выбарах» нічога ім не даў і нічым не дапамог», - адзначыў палітык.

«Перамагла кампанія байкоту. Думаю, цяпер тая частка апазіцыі, якая заклікала да байкоту, кансалідуецца і будуць далей дзейнічаць з улікам настроя грамадства. Упершыню за 18 гадоў заклікі апазіцыі і жаданні людзей супалі», - падкрэсліў Віктар Івашкевіч.

Апошнія навіны