Таццяна Рэвяка: Палітычую замову на «выбарах» выконвала сама Ярмошына
- 25.09.2012, 12:58
Праваабаронца пракаментавала заяву кіраўніка ЦВК аб тым, што ацэнка незалежных назіральнікаў была палітычнай замовай.
«Старшыні ЦВК варта паглядзець на сябе ў люстэрка і прызнацца хоць бы сабе самой, чыю палітычную замову на «выбарах» выконвала яна», - сказала сябра Савета праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка ў інтэрв'ю сайту charter97.org.
«Я думаю, што назіральнікі ад АБСЕ - эксперты досыць высокага ўзроўню, каб самастойна рабіць высновы зыходзячы з таго, што яны ўбачылі на «выбарах». Абвінавачванні старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай у тым, што незалежных назіральнікаў перад галасаваннем «напампоўвалі негатыўнай інфармацыяй» мне не зусім зразумелыя. Яны сведчаць аб тым, што Цэнтрвыбаркам не давярае экспертнаму патэнцыялу місіі назіральнікаў аб АБСЕ», - лічыць Таццяна Рэвяка.
«Я не згодна з гэтымі абвінавачваннямі і лічу, што ацэнку «выбараў» назіральнікі ад АБСЕ зрабілі самастойна, без уплыву якіх-небудзь палітычных сіл», - адзначыла праваабаронца.
«Наша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» таксама назірала за «выбарамі». У чым наша палітычная выгада? Мы - праваабаронцы, мы не з'яўляемся палітычным суб'ектам і не змагаемся за ўладу. Для нас важна выкананне заканадаўства. Мы ацэньвалі, наколькі супадае якасць «выбарчай» кампаніі з Выбарчым кодэксам Беларусі і са стандартамі дэмакратычных выбараў. Мы кіруемся толькі мэтай ацэнкі «выбараў», тут няма ніякай палітычнай заангажаванасці», - падкрэсліла Таццяна Рэвяка.