Die Welt: ЕЗ павінен аказаць ціск на дыктатара
- 25.09.2012, 15:24
Ні Расеі, ні Еўрапейскаму звязу не варта ісці на повадзе ў Лукашэнкі пасля таго, як «выбары» у Беларусі прайшлі па чаканым сцэнары.
У матэрыяле, апублікаваным на старонках Die Welt, вядучы нямецкі даследчык-палітолаг Міхаэль Шцюрмер піша, што Беларусь засталася верная сваёй рэпутацыі апошняй камуністычнай дыктатуры ў Еўропе.
«Выбары» у беларускі «парламент» прайшлі як па масле, - распавядае аўтар. - Не было ніякіх сюрпрызаў, што зусім нядзіўна: апазіцыйнасць пры рэжыме Лукашэнкі шкодная для здароўя і можа скончыцца смяротным зыходам».
«110 свежавыбраных «дэпутатаў» вышэйшага заканадаўчага органа рэспублікі ні хвіліны не сумняваюцца ў мудрасці і кіраўніцкіх здольнасцях свайго кіраўніка, - разважае Шцюрмер. - Аднак трэба мець незвычайную фантазію, каб сапраўды палічыць, што ўсе гэтыя фальсіфікацыі пайшлі на карысць беднай і даведзенай да поўнай галечы краіне».
«Ніводны кандыдат ад апазіцыі не змог стаць уладальнікам дэпутацкага мандата», - падкрэслівае Шцюрмер. «Магчыма, так атрымалася таму, што лідэры беларускай апазіцыі заклікалі не ўдзельнічаць у «выбарчым фарсе і выфарбоўванні фасадаў беларускай дэмакратыі». Яўка на «выбары», паводле дадзеных беларускага Цэнтрвыбаркама, склала 74,3%. Некаторыя крытыкі сцвярджаюць, што гэтыя лічбы ўзятыя з паветра, таму што той, хто хадзіў на «выбары», альбо быў прыхільнікам рэжыму, альбо зрабіў гэта па прымушэнні.
«Для сучасных дэспатаў асабліва важна мець у краіне дэмакратычныя рытуалы і прыкметы, якія служаць для легітымізацыі сваёй улады, - лічыць аўтар артыкула. - Іншая справа, што гэтыя «сродкі» пустыя і нічога не значаць».
У «шыкуючых» ёсць велізарная перавага - яны ведаюць шляхі і метады, як даўжэй захаваць цёплае мястэчка, гаворыцца ў артыкуле, а «маленькія» людзі, якіх пазбаўляюць і так невялікага права на цывілізаванае жыццё, застаюцца з носам. Еўрапейцам даўно пара перастаць проста са шкадаваннем паціскаць плячыма.
Афіцыйны Брусэль павінен аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, які давёў краіну да найпоўнага збяднення, што, у выніку, прывядзе да змены паводзін беларускага кіраўніка, падагульняе аўтар.
Пераклад: inopressa.ru