Канада не прызнала выбарчы фарс
- 26.09.2012, 11:28
Канада расчараваная, але не здзіўленая вынікамі «парламенцкіх выбараў» у Беларусі, якія прйшлі 23 верасня, краіна лічыць іх сфальсіфікаванымі.
Пра гэта заявіў у аўторак канадскі міністр замежных спраў Джон Бэрд, паведамляе ІТАР-ТАСС.
«Напярэдадні «выбараў» і ў дзень галасавання беларускія ўлады абмяжоўвалі палітычныя і грамадзянскія свабоды, а таксама свабоду прэсы, - адзначыў ён у распаўсюджанай пісьмовай заяве. - Гэта ўключала пераслед апазіцыйных лідэраў і журналістаў, падаўленне мірных пратэстаў у краіне».
Па словах Бэрда, урад Канады «неаднаразова заклікаў беларускія ўлады прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў, з павагай ставіцца да праў чалавека і вяршэнства закона».
«Канада і далей будзе дамагацца, каб у Беларусі былі забяспечаны свабода, дэмакратыя, захаванне праў чалавека і вяршэнства закона, - падкрэсліў кіраўнік МЗС. - І мы працягнем працаваць з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, якія прытрымліваюцца такіх жа пазіцый, каб народ Беларусі мог карыстацца такімі правамі».
«Мы вывучым шляхі аказання падтрымкі дэмакратычным памкненням беларускага народа», - дадаў Бэрд.