BE RU EN

Бундэстаг: Лукашэнкаўскія «выбары» - цынічная інсцэніроўка

  • 27.09.2012, 5:24

Несвабоднымі і несправядлівымі назвалі дэпутаты ўсіх фракцый нямецкага бундэстага «выбары», якія прайшлі ў Беларусі.

Абмеркаванне беларускага пытання адбылося 26 верасня па ініцыятыве кіруючай кааліцыі ў складзе хрысціянскіх і вольных дэмакратаў, паведамляе прэс-служба бундэстага. На думку дэпутатаў, гаворка ідзе пра «цынічную інсцэніроўку», «гвалт», «запалохванне» і «дэкаратыўны парламент», дзе няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі.

Фракцыі абмеркавалі перспектывы далейшай палітыкі ў дачыненні да Беларусі: узмацненне санкцый альбо павелічэнне адкрытасці ў адносінах да беларускага грамадства.

На думку дэпутата Свабоднай дэмакратычнай партыі Патрыка Курта, галасаванне ў Беларусі супярэчыла ўсім асновам дэмакратычных выбараў. «Сфальсіфікавалі ўсё, што можна было сфальсіфікаваць», - заявіў ён. На думку дэпутата, беларускі рэжым яшчэ раз паказаў, што гвалт і запалохванне з'яўляюцца яго візітнымі карткамі, паведамляе БелаПАН.

Афіцыйны прадстаўнік апазіцыйнай фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі па знешняй палітыцы Рольф Мютцэніх запатрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. У якасці прыкладу ён прывёў сацыял-дэмакрата Мікалая Статкевіча, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, быў арыштаваны ў дзень выбараў і на падставе «сумніўнага прысуду» працягвае знаходзіцца ў турме. На думку Мютцэніха, у выпадку з Беларуссю неабходны ўдзел Расеі, якая аказвае вялікі ўплыў на Менск. Расейскаму ўраду неабходна выразна даць зразумець, што ў Беларусі ён ставіць на тых, каго «даўно абагнала гісторыя».

Намеснік афіцыйнага прадстаўніка фракцыі ХДС-ХСС па знешняй палітыцы Карл-Георг Вельман заявіў пра «еўрапейскую трагедыю»: рэжым Лукашэнкі не выкарыстаў час для правядзення рэформ і прывядзення краіны ў «еўрапейскую сучаснасць». Замест гэтага насаджаюцца прынцыпы «каманднай эканомікі савецкага ўзору».

Калега Вельмана з фракцыі Левай партыі Вольфганг Герке заклікаў да максімальнай адкрытасці ў адносінах да беларускага грамадства. У гэтым кантэксце ён заклікаў пагадзіцца з правядзеннем ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі-2014. «Калі мумія апынецца на паветры, яна рассыплецца», - заявіў ён, маючы на ўвазе рэжым у Менску.

Дэпутат фракцыі Саюз-90/Зялёныя Віола фон Крамон-Таўбадэль назвала забюракратызаванай працэдуру атрымання беларусамі шэнгенскіх віз, а самі візы для большасці грамадзян краіны занадта дарагія. «Давайце запросім іх пазнаёміцца з нашым дэмакратычным грамадствам», - заклікала прадстаўнік фракцыі па пытаннях знешніх адносін ЕЗ. Санкцыі супраць рэжыму і яго прадстаўнікоў дэпутат лічыць неабходным захаваць. Яна падвергла крытыцы навучанне беларускіх сілавікоў нямецкай паліцыяй і заявіла, што знешнепалітычная дзейнасць МУС Германіі патрабуе большага кантролю.

Апошнія навіны