Кіраўніцтва калоніі пагражае Дашкевічу згвалтаваннем
- 27.09.2012, 11:11
«Малады фронт» паведамляе аб жахлівых фактах ціску на палітвязня.
Лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч ўжо 7 дзён трымае галадоўку ў карцэры Мазырскай калоніі.
Сёння сталі вядомыя прычыны галадоўкі - гэта ціск з боку адміністрацыі Мазырскай калоніі, у тым ліку асабіста яе начальніка Юрыя Збароўскага.
Як паведамляе прэс-служба «Маладога Фронту», пры першай жа сустрэчы з Дашкевічам начальнік калоніі стаў нецэнзурна абражаць і зневажаць палітвязня. Збароўскі пагражаў, што лідэр «Маладога Фронту» не выйдзе з ШЫЗА да канца тэрміну.
Палітвязень знаходзіцца ўсяго тыдзень у Мазырскай калоніі, аднак у дачыненні да яго ўжо некалькі разоў збіралася турэмная камісія, якая пазбавіла Дашкевіча ўсіх спатканняў і зрабіла вымову.
Як паведамляе «Малады Фронт», у барак, куды толькі нядаўна завялі палітвязня і дзе жыве каля 40 чалавек, прыйшоў рэжымны супрацоўнік і знайшоў на стале нечае лязо. Нягледзячы на тое, што лязо не прыналежыла Дашкевічу, адміністрацыя калоніі пагражае паставіць яго на ўлік як суіцыдніка.
Пасля ўсіх здзекаў Зміцер Дашкевіч напісаў заяву аб тым, што пачынае галадоўку. Начальнік рэжымнага аддзела яе скамячыў і выкінуў, пры гэтым пагражаючы лідэру «Маладога Фронту» згвалтаваннем іншымі вязнямі.
Пасля гэтых і многіх іншых інцыдэнтаў Зміцер адмовіўся выконваць любыя загады, і яго адправілі зноў на камісію, дзе далі новы тэрмін у ШЫЗА. Лідэр «Маладога Фронту» не збіраецца спыняць галадоўку, пакуль да яго не зменіцца стаўленне адміністрацыі калоніі.
«Зміцер Дашкевіч у калоніі ўсяго тыдзень. Што можа быць далей - цяжка ўявіць... У гутарцы са мной начальнік рэжымнага аддзела прыгразіў, што калі нешта выйдзе ў СМІ - Дашкевічу будзе горш. Але я не бачу іншага варыянту, акрамя агучвання гэтых жудасных рэчаў», - кажа нявеста палітвязня Наста Палажанка.
Нагадаем, 28 жніўня лідэра «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча асудзілі яшчэ на 1 год турмы. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні адміністрацыі выпраўленчай установы.
Дашкевіч знаходзіцца ў турме са снежня 2010 года. У сакавіку 2011-га года яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі калоніі агульнага рэжыму нібыта за збіццё двух чалавек.