BE RU EN

Reuters: Беларусь працягвае кантрабанду «растваральнікаў»

  • 27.09.2012, 20:07

Беларускія ўлады хлусяць аб спыненні кантрабанднага бізнесу.

Бязмытны рээкспарт расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў працягваецца, нягледзячы на заявы афіцыйнага Менска аб яго спыненні, піша агенцтва Reuters (пераклад - charter97.org).

Пра гэта заявіла ананімная крыніца ў расейскім урадзе.

«Яны сказалі, што зразумелі, але яны не зразумелі нічога, - сказаў ён пра беларускія ўлады. - Яны працягваюць пампаваць растваральнікі за мяжу. Гаворка ідзе пра мільёны тон».

Чыноўнік таксама паведаміў, што Расея ацэньвае прыблізную шкоду ў выглядзе неатрыманых даходаў у суму каля 1 мільярда даляраў і намякнуў на магчымыя карныя меры, на якія можа пайсці Масква.

«У нас ёсць рычагі, у тым ліку, у выглядзе кранаў (на трубаправодах)», - сказала крыніца.

Дадзеныя Дзяржаўнага камітэта статыстыкі за першае паўгоддзе 2012 года паказваюць, што аб'ём кантрабанднага экспарту склаў 3 мільёна 243 тысячы тон.

Нафтапрадукты прадаваліся краінам ЕЗ: 92 адсотка сыходзіла ў роўных частках у Нідэрланды і Латвію, а астатняя частка - у Літву і Эстонію.

Нагадаем, прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што «апошні чыгуначны груз» з растваральнікамі быў адпраўлены з Беларусі на экспарт 4 жніўня.

Апошнія навіны