BE RU EN

Аўтара «Гродназнаўства» звольнілі двойчы

  • 28.09.2012, 15:17

Андрэя Чарнякевіча зноў звольнілі з Гродзенскага універсітэта.

Афіцыйная фармулёўка: «за сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны», перадае «Радыё Свабода». Сам Андрэй Чарнякевіч і яго калегі не маюць сумневаў, што сапраўдная прычына - удзел у напісанні кнігі «Гродназнаўства».

Некалькі тыдняў таму яго ўжо звольнілі з працы ва ўніверсітэце, але потым аднавілі, таму што ён у той час быў у шпіталі.

Тры дні таму прафкам універсітэта большасцю галасоў выступіў супраць звальнення Чарнякевіча, але сёння ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб яго звольніць. Пасяджэнне прафкама прайшло без яго ўдзелу.

«Спачатку сказалі, што анулявалі папярэдняе рашэнне, таму што не было кворуму, а сёння мне намеснік старшыні прафкама растлумачыў, што была парушаная працэдура. Маўляў, спачатку павінны былі разгледзець справу на камісіі, а потым галасаваць. Думаю, гэта проста звычайная камбінацыя, каб неяк абгрунтаваць рашэнне», - кажа Чарнякевіч.

Сістэматычным парушэннем працоўнай дысцыпліны назвалі тое, што Чарнякевіч памяняўся з іншым выкладчыкам, каб той правёў лекцыю замест яго. Сам Чарнякевіч кажа, што пайшоў на гэта па стане здароўя, папярэдзіўшы сваіх кіраўнікоў, і што гэта звычайная практыка, калі замена ажыццяўляецца без пісьмовых загадаў, на ўзроўні мясцовага кіраўніцтва.

Нагадаем, раней Чарнякевіч распавядаў, як на працягу дня, калі ён праводзіў свае пары, бачыў людзей, якія адсочвалі кожны яго крок, пераязджалі за ім з корпуса ў корпус.

Апошнія навіны