BE RU EN

«Коммерсант»: Беларускую апазіцыю адлучваюць ад эфіру

  • 3.09.2012, 9:32

Улады краіны змагаюцца з заклікамі апазіцыі пра байкот «выбараў».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «сапраўдная апазіцыя абавязана змагацца да канца». У выніку выступы кандыдатаў ад апазіцыі, якія змяшчаюць заклік да байкоту, зусім перасталі прапускаць у эфір, піша расейскае выданне «Коммерсант».

Адной з ахвяраў новых правіл беларускай цэнзуры стаў вядомы беларускі кінадакументаліст, аўтар некалькіх фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку, кандыдат ад апазіцыйнай Аб'яднанай Грамадзянскай партыі (АГП) Юрый Хашчавацкі. Як распавёў сам апазіцыянер, яго запрасілі ў будынак Беларускай тэлерадыёкампаніі, дзе ён запісаў пяціхвілінны выступ. Затым ён правёў перадвыбарныя дэбаты з кандыдатам Леанідам Скарабагатым.

Па словах апазіцыянера, перад выступам да яго падышоў малады чалавек, які прачытаў пералік правілаў, якія нельга парушаць: забаронена заклікаць да гвалтоўнага звяржэння ўлады, распальваць міжнацыянальную варожасць, а таксама заклікаць да байкоту «выбараў». «Апошняя акалічнасць ў мяне выклікала здзіўленне, - успамінае спадар Хашчавацкі. - Я запярэчыў, што па законе заклікаць да байкоту «выбараў» не забараняецца. Малады чалавек спакойна адышоў у бок». Як прызнаў кандыдат ад АГП, у сваім перадвыбарчым выступе і ў дэбатах ён заклікаў выбаршчыкаў байкатаваць будучыя «выбары», звязаўшы гэта з немагчымасцю правядзення сумленнага галасавання. Свае заклікі Юрый Хашчавацкі паўтарыў і ў дэбатах. Але ў прызначаны час у тэлеэфір выступ апазіцыйнага кандыдата не выйшаў. Замест гэтага іграла сімфанічная музыка.

Юрый Хашчавацкі стаў не адзіным апазіцыйным кандыдатам, чый выступ знялі з эфіру беларускага тэлебачання. Пад падобную цэнзуру падпаў практычна ўвесь спіс АГП. Прычыну ў партыі тлумачаць сваёй перадвыбарнай тактыкай - АГП ужо паведаміла, што будзе ўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі, выкарыстоўваючы яе магчымасці, каб заклікаць выбаршчыкаў да байкоту «выбараў» у беларускі парламент, якія пройдуць 23 верасня. За тыдзень да дня галасавання партыя здыме увесь свой спіс з «выбараў».

Адказ улад не прымусіў сябе доўга чакаць. Аляксандр Лукашэнка ў суботу раскрытыкаваў апазіцыю. «Калі б гэта была сапраўдная апазіцыя, яна б змагалася да канца. Калі ты проста бразгаеш языком, значыць, ты выконваеш чыйсці заказ або хочаш пакрасавацца нейкі час перад людзьмі, - заявіў беларускі лідэр. - Апазіцыя будзе змагацца, змагацца за ўладу, за інтарэсы народа ці яшчэ за нешта. Гэта пятая калона, яны дзейнічаюць у інтарэсах пэўных сіл, якія часам знаходзяцца за межамі нашай краіны». Як растлумачыў пасля гэтага сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, заклікі апазіцыі байкатаваць «выбары» і надалей не будуць трапляць у эфір.

Апошнія навіны