Старшыня Ельскага райвыканкама хоча Touareg за паўмільярда (Фота)
- 3.09.2012, 15:57
Купляць раскошны джып чыноўніку будуць за кошт раённага бюджэту.
Ельскім райвыканкамам Гомельскай вобласці аб'яўлены тэндэр на закупку аўтамабіля. Чыноўнікі захацелі ні многа, ні мала, а раскошны прадстаўніцкі джып Volkswagen Touareg з прэстыжным рухавіком магутнасцю да 204 л.с. Аплаціць такі «неабходны» набытак плануецца са сродкаў мясцовага бюджэту, паведамляе TUT.by.
На сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры коштаў знаходзіцца тэндэрная аб'ява ад Ельскага райвыканкама. Падрабязнасці запыту коштавых прапаноў дазваляюць выказаць здагадку, што ўжо ў чым, а ў дарагіх аўтамабілях ельскія дзяржчыноўнікі разбіраюцца добра. Мяркуйце самі: купіць яны жадаюць Touareg V6 TDI Tiptronic або яго аналаг, рухавік - 3.0 V6 TDI, 150 кВт / 204 л.с., скрынка перадач - 8-ці ступеньчатая AT, колер - чорны перламутр.
За дадзены аўтамабіль Ельскі райвыканкам гатовы выкласці 587 100 000 беларускіх рублёў. У графе «крыніца фінансавання» сціпла значыцца: «мясцовы бюджэт». Відавочна, ніякіх іншых неадкладных выдаткаў у Ельскім раёне папросту няма...
Карэспандэнт TUT.BY звязаўся па пазначаным у абвестцы тэлефоне з супрацоўніцай Ельскага райвыканкама Надзеяй Якушэнка. На пытанне, ці нельга было выбраць аўтамабіль сціплей і танней, чыноўніца адказала коратка: «Ну, гэта ж для старшыні ... » Акрамя таго, па словах Надзеі Іванаўны, у аб'яве прысутнічаюць словы «або аналаг», г.зн. не выключана, што аўтамабіль абыйдзецца і танней, чым названыя ў аб'яве 587 мільёнаў 100 тысяч.