У Казахстане затрымалі прыспешніка Бакіева c пашпартам РБ
- 5.09.2012, 11:37
У следчым ізалятары Тараза знаходзіцца былы дырэктар Дзяржматрэзерваў Кыргызстана Пайзула Рахманаў.
Пра гэта паведамляе Навіны-Казахстан са спасылкай на супрацоўніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Кыргызстана.
Пайзула Рахманаў быў затрыманы ў вёсцы Кордай у Казахстане 15 чэрвеня падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку і Кардайскага РАУС Жамбылскай вобласці.
Экс-дырэктар Дзяржматрэзерваў адшукваўся Дзяржслужбай фінансавай паліцыі за «Правядзенне незаконных праверак службовай асобай дзяржаўнага кантралюючага органа». Яму пагражае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
«Пры затрыманні Рахманаў прад'явіў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на імя Пазыла Ташбаева 1955 года нараджэння, ураджэнца Алматы, выдадзены ў 2011 годзе Першамайскім РУУС Менска», - паведамілі на брыфінгу. Па інфармацыі паліцыі, затрыманы знаходзіцца ў СІЗА Тараза.
7 красавіка 2010 года ў Кыргызстане прайшла рэвалюцыя, у выніку чаго быў зрынуты Курманбек Бакіеў і яго памагатыя. Былы прэзідэнт, яго брат і бліжэйшыя паплечнікі, якіх шукаюць у тым ліку за катаванні і забойствы на міжнародным узроўні, былі гасцінна прыняты Лукашэнкай. Так, Курманбек Бакіеў атрымаў палітычны прытулак, а яго брат Жаныбек Бакіеў спакойна гуляе па вуліцах Менска.