BE RU EN

Генпракуратура адмовілася выдаць брата Бакіева

  • 5.09.2012, 11:59

Генпракуратура Беларусі пакідае без задавальнення запыт аб выдачы Жаныбека Бакіева Кыргызстану.

«З улікам падзей, якія адбыліся ў Кыргызскай Рэспубліке, і характару абвінавачванняў, якія прад’яўляюцца Ж. Бакіеву, беларускі бок лічыць, што запыт аб выдачы звязаны з пераследам яго па прыкмеце палітычных перакананняў, таму запыт Генеральнай пракуратуры Кыргызскай Рэспублікі аб выдачы Ж.Бакіева пакінуты без задавальнення», - заявілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Генпракуратуры Беларусі ў сераду.

Там адзначылі, што Генеральнай пракуратурай Беларусі яшчэ ў чэрвені гэтага года быў разгледжаны запыт Генеральнай пракуратуры Кыргызстана аб выдачы Жаныбека Бакіева для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

«У адпаведнасці з падпунктам е) пункта 1 артыкула 89 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 7 кастрычніка 2002 года выдача не ажыццяўляецца, калі маюцца важкія падставы меркаваць, што запыт аб выдачы звязаны з пераследам асобы па прыкмеце расы, полу, веравызнання, этнічнай прыналежнасці або палітычных перакананняў», - падкрэслілі ў Генпракуратуры.

Там праінфармавалі, што дадзеная пазіцыя Генеральнай пракуратуры Беларусі была даведзена ва ўстаноўленым парадку да ведама Генеральнай пракуратуры Кыргызскай Рэспублікі яшчэ ў чэрвені бягучага года.

«Кыргызстану варта было б прытрымлівацца больш разумнай пазіцыі ў сітуацыі вакол Бакіевых, бо ў адваротным выпадку Бішкеку будзе складана даказаць наяўнасць у сябе канструктыўных і партнёрскіх памкненняў на шляху да Мытнага саюзу», - заявіла таксама ў сераду крыніца ва ўрадавых колах Беларусі.

«Кыргызскі бок мае ясныя ўяўленні пра пазіцыі па пытанні Бакіевых», - сказаў ён. Суразмоўца агенцтва заўважыў, што «сітуацыя, якая склалася - гэта далёка не самы горшы выхад для цяперашніх улад Кыргызстана». «Беларускі бок мае значна больш нязручнасцей», - заявіла крыніца ў Менску.

Як паведамляў сайт charter97.org, у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» апублікавалі фатаграфіі Жаныбека Бакіева, які шпацыраваў па цэнтры Менска 17 жніўня.

Фотаздымкі выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаванні, Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзення кансультацый.

Былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.

Апошнія навіны