Студэнты 7 ВНУ падчас ЧС па хакеі будуць на вакацыях
- 7.09.2012, 17:19
Міністэрства адукацыі зацвердзіла графік навучальнага працэсу на 2013/14 навучальны год для ВНУ, інтэрнаты якіх падчас ЧС па хакеі-2014 будуць выкарыстоўвацца для турыстаў.
«З умовай правядзення ЧС па хакеі, з 1 красавіка па 1 чэрвеня 2014 года для прыёму замежных грамадзян навучальны працэс будзе праходзіць наступным чынам. Пачнецца 2013/14 навучальны год у панядзелак 2 верасня 2013 года. Восеньскі семестр скончыцца 22 снежня 2013 года. Затым будзе заліковая сесія - па 12 студзеня 2014 года. Адразу пасля яе пачнецца веснавы семестр - з 13 студзеня па 30 сакавіка 2014 года. З 31 сакавіка па 1 чэрвеня 2014 года ўсе пойдуць на вакацыі», - паведамілі аглядальніку Interfax.by у Міністэрстве адукацыі.
«Вучыцца па гэтым графіку будуць студэнты 1-4-х курсаў БДУ, БДУІР, БДЭУ, БДМУ, БДПУ ім. М. Танка, МДЛУ, БДТУ. Выпускныя курсы мы не чапалі», - адзначылі ў Мінадукацыі.
«Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт (БНТУ), у інтэрнат якога таксама плануецца засяляць заўзятараў ЧС па хакеі, адмовіўся вучыць студэнтаў па дадзеным графіку», - дадалі ў ведамстве.
«Мы (БНТУ - ІФ) лічым, што ў гэтым няма неабходнасці. Няма чаго ламаць ўвесь навучальны працэс і адпускаць педагогаў у адпачынкі яшчэ да пачатку лета. Як-небудзь выкруцімся: можа быць, трохі ўшчыльнім студэнтаў у інтэрнатах. Паглядзім. Часу яшчэ дастаткова», - пракаментавалі сітуацыю прарэктары вядучага інжынернага ВНУ краіны і дадалі: «У адрозненне ад БДУ, БДУІР, БДМУ, нам ніхто так і не выдзяліў, колькі мы ні прасілі, месцы ў Студэнцкай вёсцы. Нас ігнаруюць, і іншагароднія студэнты працягваюць жыць у старых інтэрнатах! Што датычыцца чэмпіянату свету па хакеі, то БНТУ, як і некаторыя іншыя менскія ВНУ, больш за ўсё цікавяць іншыя пытанні: якога ўзроўню камфорту павінны стаць інтэрнаты: як гасцініцы 2, 3 ці 5 зорак або проста месцы для начлегу? Калі будынак павінен ператварыцца ў гасцініцу, то за чый кошт ажыццяўляць рамонт? Хто будзе абслугоўваць замежных турыстаў? Хто будзе выступаць у ролі пакаёвак? Студэнты, якія не ведаюць замежнай мовы?»
«Пытанняў шмат, але і часу для іх рашэння яшчэ дастаткова», - сказалі ў Менгарвыканкаме. Усяго, па дадзеных ведамства, у Студэнцкай вёсцы падчас ЧС-2014 па хакеі плануецца задзейнічаць каля 7 тыс. месцаў, у 5 дзеючых інтэрнатах ВНУ - прыблізна 4 700 месцаў.