Дзядку дазволілі толькі адно спатканне і бандэроль у год
- 11.01.2013, 11:46
Ужо больш за месяц палітвязень Мікалай Дзядок утрымліваецца ў крытай турме горада Магілёва.
Туды яго накіравалі са Шклоўскай калоніі нібыта за злоснае парушэнне рэжыму адбыцця пакарання, перадае «Радыё Рацыя».
Па словах бацькі палітвязня Аляксандра Дзядка, перавод з калоніі ў турму пазбаўляе яго сына дадатковай колькасці харчовых перадач і спатканняў з роднымі:
Больш за месяц ён ужо там знаходзіцца, два-тры дні прабыў у карантыне, а пасля яго адразу перавялі ў камеру. Турма ёсць турма, там свае ўмовы. Ён будзе мець права на адно спатканне і на адну бандэроль у год, вось і ўсё.
За час знаходжання ў магілёўскай турме Мікалая Дзядка наведаў адвакат. Перад Новым годам там таксама пабывала яго жонка. Палітвязень не скардзіцца на здароўе, а таксама на новыя ўмовы ўтрымання.
Мікалай Дзядок быў асуджаны па так званай «справе анархістаў» разам з Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі антываеннага шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на амбасаду і турму на Акрэсціна. Ніхто з іх сваёй віны не прызнаў. Праваабаронцы лічаць іх палітычнымі зняволенымі і патрабуюць неадкладнага вызвалення.