BE RU EN

Менск разлічвае на аднаўленне перамоваў па нафце

  • 11.01.2013, 16:25

Беларускі бок разлічвае на аднаўленне перамоваў па нафтавым балансе пасля канчатковага завяршэння навагодніх вакацый у Расеі.

Пра гэта паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца ў профільным органе дзяржкіравання.

«Сёння мы паспрабавалі звязацца з профільнымі расейскімі ведамствамі з нагоды аднаўлення перамоў па балансе паставак нафты ў Беларусь у 2013 годзе, але датэлефанавацца не ўдалося», - сказаў суразмоўца.

Паводле яго слоў, беларускі бок працягне ініцыяваць аднаўленне перамоваў.

Суразмоўца таксама канстатаваў, што 29 снежня мінулага года, падчас заключэння дамоўленасцяў аб пастаўках расейскай нафты ў Беларусь у першым квартале 2013 года, канкрэтная дата аднаўлення перамоў расейскім бокам вызначаная не была, «дамовіліся пасля 10-га студзеня».

Як паведамлялася, Беларусь увайшла ў 2013 год, не дасягнуўшы з урадам Расеі канчатковых дамоўленасцяў па балансе паставак нафты. Менск запытвае на 2013 год 23 млн тон нафты, расейскі бок заяўляў пра гатоўнасць паставіць толькі 18,5 млн тон (сумарна трубаправодным і чыгуначным транспартам).

У канцы снежня 2012 года бакі ўзгаднілі пастаўку нафты ў Беларусь у першым квартале 2013 года ў аб'ёме 5,75 млн тон нафты (у тым ліку 5,025 млн тон трубаправодным транспартам), што прапарцыйна адпавядае запытанаму Менскам аб'ёму паставак нафты на гэты год - 23 млн тон .

Бакі дамовіліся падпісаць гадавы баланс паставак у працоўным парадку.

Крыніца таксама сцвярджае, што ў ходзе папярэдніх перамоваў расейскі бок не выключаў, што гадавы аб'ём паставак нафты ў Беларусь можа быць павялічаны з улікам павелічэння магутнасцей беларускіх НПЗ. Паводле яго слоў, у канцы снежня бакамі быў папярэдне ўзгоднены аб'ём паставак нафтапрадуктаў у 2013 годзе ў Расею з Беларусі: 2,1 млн тон аўтабензінаў і 1 млн тон зімовага дызпаліва. Мяркуецца, што гэты аб'ём будзе падзелены на роўныя часткі паквартальна.

Суразмоўца падкрэсліў, што бакі дамовіліся аб кошце паставак нафтапрадуктаў у Расею зыходзячы з рынкавай кан'юнктуры.

Практычна пастаўка будзе ажыццяўляцца праз прапанову на расейскіх таварна-сыравінных біржах і па прамых дамовах. Яшчэ адной прынцыповай дамоўленасцю з'яўляецца пастаўка нафтапрадуктаў у Расею не толькі беларускімі НПЗ, але і расейскімі кампаніямі-давальцамі, прапарцыйна аб'ёму перапрацоўкі.

Паводле яго слоў, тэма даплаты ў расейскі бюджэт $1,5 млрд «уперамовах не фігуруе».

Нагадаем, Беларусь з кастрычніка працягвае складаныя перамовы з урадам Расе аб умовах і аб'ёме нафтавага балансу на 2013 год. Перамовы ўскладненыя прэтэнзіямі расейскага боку на $1,5 млрд, якілічыць, што Менск недаплаціў гэтую суму ў выглядзе экспартных пошлін на нафтапрадукты. У прыватнасці, амбасадар у Менску Аляксандр Сурыкаў у снежні заяўляў, што гэтая тэма абмяркоўваецца ў рамках перамоў па нафтавым балансе на 2013 год. Ва ўрадзе РФ лічаць, што ў першым паўгоддзі з тэрыторыі Беларусі рээкспартаваліся нафтапрадукты пад выглядам прадуктаў нафтахіміі без выплаты экспартных пошлін у расейскі бюджэт.

Акрамя таго, расейскі бок вельмі зацікаўлены ў атрыманні беларускіх нафтапрадуктаў, так як гэта дазволіць бязбольна перайсці на ўнутраным рынку на абарот паліва еўра-3 з 1 студзеня 2013 года. Аднак для беларускага боку заходні кірунак паставак больш выгадны, чым расейскі, што прыводзіць да зацягвання перамоў.

З 2011 года Беларусь атрымлівае расейскую нафту бяспошлінна, але пералічвае ў бюджэт РФ экспартныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з яе і прададзеныя ў трэція краіны. Экспартныя пошліны ад экспарту нафты ўласнай здабычы (1,7 млн тон у год) Беларусь залічае ў свой бюджэт. У студзені-лістападзе 2012 года Беларусь пералічыла ў бюджэт Расеі $3 млрд 497,5 млн экспартных пошлін на нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты.

Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь у 2012 годзе склалі 21 млн 297 тыс. тон нафты, што на 17,4% больш, чым у 2011 годзе. У адпаведнасці з сумесным паліўна-энергетычным балансам на 2012 год, Беларусь магла імпартаваць 21,5 млн тон. Такім чынам, выкананне балансу ў 2012 годзе склала 99%.

Па дадзеных Саўміна Беларусі, беларускія НПЗ перапрацавалі ў 2012 годзе 21,7 млн тон нафты, што на 5,7%, чым у 2011 годзе.

Апошнія навіны