BE RU EN

Менск разважае аб узроўні свайго ўдзелу ў сустрэчы ў Тбілісі

  • 15.01.2013, 12:22

МЗС пацвердзіў, што Беларусь атрымала запрашэнне для ўдзелу ў сустрэчы ў Тбілісі міністраў замежных спраў і транспарту краін - удзельніц «Усходняга партнёрства».

У Менску цяпер разглядаюць пытанне аб узроўні свайго ўдзелу ў гэтай сустрэчы, заявілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у міністэрстве замежных спраў.

«Запрашэнне атрымана, у цяперашні час разглядаецца пытанне аб узроўні ўдзелу беларускага боку ў гэтым мерапрыемстве», - адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Нагадаем, як раней паведамляў сайт charter97.org, 12-13 лютага ў Тбілісі пройдзе нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў і транспарту дзяржаў-удзельніц «Усходняга партнёрства».

Як заявіла кіраўнік грузінскага МЗС Майя Панджыкідзэ, гэтая сустрэча ладзіцца сумесна з двума еўракамісарамі - еўрапейскім камісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле і еўракамісарам па пытаннях транспарту Сіімам Каласам.

«Так што мы супрацоўнічаем з Беларуссю на гэтым узроўні і пры сустрэчы пагаворым аб далейшым супрацоўніцтве, магчыма гэта ці не і пры якіх умовах. Мы вельмі рады ўдзелу прадстаўнікоў Беларусі і таму, што 12-13 лютага ў Тбілісі будуць прадстаўленыя ўсе шэсць краін Усходняга партнёрства», - сказала Панджыкідзэ.

Апошнія навіны