Анатоль Шумчанка: Лукашэнка супярэчыць сам сабе
- 16.01.2013, 10:07
Чым больш будзе кантроль за прыватным бізнесам, тым менш грошай у дзяржбюджэт ён будзе прыносіць.
Аб гэтым адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі Анатоль Шумчанка заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org, каментуючы прэтэнзіі Лукашэнкі да прадпрымальнікаў.
«Сумна, што ў бліжэйшы час палітыка дзяржавы ў адносінах да прыватнага бізнэсу не зменіцца. «Эканаміст» Лукашэнка ніяк не можа зразумець, што тымі мерамі, якія ён прапануе, сітуацыю ў эканоміцы не палепшыць. Ён патрабуе, каб малы бізнес фінансаваў дзяржпраграму па будаўніцтву жылля пры тым, што гэта наогул не з'яўляецца задачай прадпрымальнікаў, і скардзіцца, што прыватнікі мала плацяць сваім работнікам, што наогул не адпавядае рэчаіснасці. Аднак пры гэтым Лукашэнка кажа аб узмацненні жорсткасці кантролю. Яго кантроль - гэта імкненне адабраць у прыватніка пабольш грошай, увесці новыя паборы і забароны. Але ён ніяк не можа зразумець, што чым больш кантроль, тым менш запрацуе прадпрымальнік, тым менш падаткаў ён заплаціць і тым меншую зарплату ён зможа забяспечыць. Таму Лукашэнка супярэчыць сам сабе», - заявіў Анатоль Шумчанка.
Нагадаем, учора на прэс-канферэнцыі кіраўнік раскрытыкаваў прыватны бізнэс. «Усе прыватнікі глядзяць, перш за ўсё, у сваю кішэнь. Ніхто свайго са сваёй кішэні нічога не дастане і нікому не падорыць - ні дзяржаве, ні народу», - сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што прыватнікі не заўсёды гатовыя забяспечыць права работнікаў «на дастойную заработную плату, на годнае існаванне».