Ад Статкевіча патрабуюць прашэння аб памілаванні
- 16.01.2013, 12:30
Жонка палітвязня чакае аднаўлення правакацый і ціску на яго.
Палітвязня зноў угаворваюць напісаць прашэнне аб памілаванні. Пра гэта палітык паведаміў у лісце да жонкі.
Прадстаўнікі адміністрацыі Магілёўскай турмы праз паўгода маўчання зноў прапанавалі палітвязню напісаць прашэнне аб памілаванні, піша сайт statkevich.org.
Як кажа жонка палітзняволенага палітыка Марына Адамовіч, форма для прапановы была абраная даволі цынічная. Па словах Статкевіча, гучала яна так: «Перастаньце гуляць у казакі-разбойнікі, выходзьце на свабоду і едзьце на мора».
Па словах Марыны Адамовіч, звычайна за такімі прапановамі, пасля адмовы прыняць іх, пачынаецца ціск і правакацыі. Па розных надуманых прычынах палітвязня змяшчаюць у штрафны ізалятар, уводзяць іншыя абмежаванні. Таму апошнія навіны выклікаюць у яе трывогу. «Мікалай напісаў, што не ведае, што будзе на гэты раз, але, як заўсёды, падрыхтаваны да ўсяго», - адзначыла жонка Мікалая Статкевіча.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля масавых акцый пратэсту апазіцыі ў цэнтры Менску супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2010. Затрыманаму пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых беспарадкаў. 11 студзеня 2011 года міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення.
26 траўня 2011 года Мікалай Статкевіч быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 12 студзеня 2012 года па ініцыятыве адміністрацыі папраўчай калоніі, якая лічыць, што Статкевіч мае намер «весці далей злачынны лад жыцця», яго прызналі злосным парушальнікам рэжыму. У выніку Мікалаю Статкевічу ў судовым парадку былі зробленыя больш жорсткімі ўмовы ўтрымання на бліжэйшыя тры гады без права абскарджвання.