Пасля заявы Лукашэнкі міліцыя да Халіп прыходзіць кожны дзень
- 17.01.2013, 1:16
(абноўлена) Пасля заяў Лукашэнкі ў кватэру да «абсалютна свабоднай» Халіп з праверкай зноў пастукаліся міліцыянты.
Нагадаем, што згодна з прыгаворам, вынесеным 16 траўня 2011 года, журналістка павінна знаходзіцца дома з 22 гадзін вечара да 6 раніцы.
Падчас традыцыйнай прэс-канферэнцыі для СМІ Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, журналістка расейскай «Новой газеты» Ірына Халіп, прысуджаная да ўмоўнага тэрміну ў два гады за падзеі 19 снежня, цалкам вольная і можа ехаць куды захоча. Але, маўляў, нікуды не едзе таму, што сама гэтага не хоча, бо ў Беларусі Халіп - палітычная ахвяра, а за мяжой яна, маўляў, нікому не патрэбна.
- Чаго прыперліся, пытаюся? - напісала ў «Фэйсбуку» Ірына Халіп пра сваю размову з візіцёрамі. - Вы што, не чулі? Лукашэнка сказаў, што я вольная і магу ехаць, куды захачу!
Міліцыянты некалькі секунд пачасалі патыліцы і выказалі здагадку: - Ага, то бок, гэта Вы самі нас сюды па вечарах выклікаеце?..
Ні пра якія змены ў статусе Ірыны Халіп, як і пасля папярэдняга падобнага выказвання Лукашэнкі, яны не чулі.
Увечары 16 студзеня міліцыянты з'явіліся зноў.
- Пасля заявы Лукі да мяне міліцыянты сталі прыходзіць кожны дзень. Расцэньваю гэта як псіхалагічную атаку. Як паказвае вопыт, пасля ўсякай заявы Лукашэнкі аб тым, што я на самой справе даўным-даўно вольная, ціск узмацняецца. Гэта сведчанне таго, што ніхто не збіраецца адмяняць незаконны прысуд, - сказала журналістка сайту charter97.org.
Нагадаем, 19 снежня 2010 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, Ірыну Халіп затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасці і змясцілі ў СІЗА КДБ. У канцы снежня 2010 Ірыне было прад'яўленае абвінавачванне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
Калі Ірына знаходзілася ў СІЗА КДБ яе сям'я падвяргалася беспрэцэдэнтнаму ціску. Улады спрабавалі забраць з сям'і ў дзіцячы дом трохгадовага сына журналісткі - Даніка Саннікава.
29 студзеня 2011 г. меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыездзе і хатні арышт.
4 красавіка 2011 г. абвінавачанне было перакваліфікавана на арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
16 траўня 2011 года ў судзе Завадскога раёна Менска Ірыну асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з 2-гадовай адтэрміноўкай.
Фота з архіву