Гадавога балансу па нафце не будзе
- 17.01.2013, 12:20
Беларусь і Расея могуць не ўзгадніць гадавы баланс па нафце на 2013 год.
Таму аб'ёмы імпарту нафтавай сыравіны ў рэспубліку будуць зацвярджацца Масквой штоквартальна, лічаць беларускія ўдзельнікі рынку нафтаперапрацоўкі.
«Ёсць усе падставы меркаваць, што гадавога балансу як такога не будзе. Верагодна, будзе падпісаны індыкатыўны баланс на 2013 год. У ім будуць прапісаныя паквартальныя аб'ёмы паставак і агаворана магчымасць іх карэкціроўкі ў залежнасці ад таго, як Беларусь выконвае свае абавязацельствы па пастаўках паліва на расейскі рынак», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» удзельнік рынку нафтаперапрацоўкі, знаёмы з папярэдняй пазіцыяй расейскага боку на перамовах па нафтавым балансе.
Пры гэтым ён не выключыў, што з улікам сітуацыі з гэтымі пастаўкамі, якая складваецца ў пачатку года, ужо да канца 1 квартала расейскі бок можа прыняць рашэнне аб скарачэнні ў другім квартале імпарту нафты ў параўнанні з аб'ёмамі студзеня-сакавіка.
«Карэктывы могуць быць унесеныя з разліку 18 млн тон у год - гэта значыць 4,5 млн тон у квартал», - выказала меркаванне крыніца.
Ён таксама заўважыў, што ў 1 квартале Беларусь атрымала магчымасць імпартаваць 725 тыс. тон нафты па чыгунцы, апроч 5 млн. 25 тыс. тон, якія будуць пастаўленыя трубаправодным транспартам. «З улікам таго, як выраслі ўнутрырэспубліканскія тарыфы, з улікам пастаяннага дэфіцыту вагоннага парку, гэта будзе складанай задачай», - заўважыў суразмоўца агенцтва.
Ён таксама адзначыў, што пастаўкі «колавай нафты» пагоршаць эканоміку нафтаперапрацоўкі.
Як паведамлялася, Беларусь увайшла ў 2013 год, не дасягнуўшы з урадам РФ канчатковых дамоўленасцяў па балансе паставак нафты. Менск запытвае на 2013 год 23 млн тон нафты, расейскі бок заяўляў пра гатоўнасць паставіць толькі 18,5 млн тон (сумарна трубаправодным і чыгуначным транспартам).
У канцы снежня 2012 года бакі ўзгаднілі пастаўку нафты ў Беларусь у 1 квартале 2013 года ў аб'ёме 5,75 млн тон нафты (у тым ліку 5,025 млн тон трубаправодным транспартам), што прапарцыйна адпавядае запытанаму Менскам аб'ёму паставак нафты на гэты год - 23 млн тон.
Бакі дамовіліся падпісаць гадавы баланс паставак у працоўным парадку. Беларускі бок гатовы пачаць перамовы па гадавым балансе ўжо ў студзені, аднак пакуль, як паведамілі агенцтву ў «Белнафтахіме», расейскі бок не гатовы заявіць пра канкрэтную дату.