Зміцер Бародка: Лукашэнка зноў гандлюе палітвязнямі
- 17.01.2013, 15:21
Спроба прымусіць Мікалая Статкевіча напісаць прашэнне аб памілаванні вынікае з сур'ёзных праблем у беларускай эканоміцы.
Пра гэта заявіў дырэктар «Беларускага дома ў Варшаве» Зміцер Бародка ў інтерв'ю тэлеканалу «Белсат».
Ён лічыць, што беларуская эканоміка перажывае сур'ёзны крызіс і не мае ніякіх перспектыў развіцця.
«Таму Беларусь пачынае перамовы з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй з нагоды магчымасці ўступлення. Але для гэтага ўлады Беларусі павінны выпусціць палітвязняў, а Мікалай Статкевіч - адна са знакавых асобаў», - адзначыў Зміцер Бародка.
На думку грамадскага актывіста, зноў пачынаецца працэс гандлю паміж Захадам і Лукашэнкам. І хоць Захад разумее, што Лукашэнка не пойдзе на сур'ёзныя змены, гандаль працягваецца.
Бародка падкрэсліў: заходнія краіны супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі з-за моцнага лобі беларускага дыктатара ў Еўропе. «Лукашэнка ўкладвае вялікія грошы ў адмыванне вобразу Беларусі і пабудову свайго пазітыўнага іміджу», - лічыць Бародка.
На яго думку, Лукашэнка імкнецца захаваць добры твар перад сусветнай супольнасцю. Адзін са спосабаў - вызваліць палітвязняў, але толькі тады, калі яны самі напішуць прашэнні аб памілаванні.