BE RU EN

За нецвярозую язду - спачатку штраф, потым канфіскацыя аўто

  • 18.01.2013, 15:57

Генпракуратура распрацавала прапановы па ўзмацненні пакарання для нецвярозых кіроўцаў.

У тых, хто трапіўся ўпершыню, машыну не канфіскуюць, тлумачыць «Еўрарадыё» кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.

«Штрафы павялічацца: калі раней было ад 15 да 30 базавых велічынь за кіраванне ў нецвярозым стане, то цяпер будзе ад 50 да 100. З пазбаўленнем правоў кіроўцы, зразумела. А машыну супрацоўнікі ДАІ маюць права адправіць на штрафстаянку. І пакуль штраф не выплацяць - не аддадуць», - сказаў Кісялёў.

Але калі на працягу года аматара выпіць затрымаюць паўторна, то тут і чакае самае страшнае. Бо гэта ўжо не адміністрацыйнае, а крымінальная парушэнне.

«Прапануецца павялічыць да 3 гадоў тэрмін пазбаўлення волі - гэта самы вялікі тэрмін, які можа быць (зараз свабоды пазбаўляюць на тэрмін да 2 гадоў) і будзе прадугледжаная канфіскацыя аўтамабіля. Незалежна ад таго, каму ён належыць», - кажа прадстаўнік Генпракуратуры.

Калі нецвярозы кіроўца нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні або забіў аднаго чалавека, то прапануецца павялічыць максімальны тэрмін пазбаўлення волі з 5 да 7 гадоў. Калі ж у выніку ДТЗ загінулі двое або больш чалавек, то пакаранне павялічваюць да 10 гадоў. Усё - з канфіскацыяй аўто.

Ніякіх змяненняў адносна дапушчальнай колькасці выпітага алкаголю ў законапраекце няма - застаюцца тыя ж самыя 0,3 праміле. Што тычыцца лекаў на спірце, то, сцвярджае Кісялёў, калі іх прымаць у адпаведнасці з прызначэннем лекара - межы дазволенага не дасягнеш. І запэўнівае - больш жорсткае пакаранне паменшыць колькасць нецвярозых кіроўцаў.

З гэтым не згодны былы інспектар ДАІ, выкладчык Акадэміі МУС Юрый Красноў:

«Эфект усё роўна нейкі будзе, але ён будзе не такім, як яго чакаюць. А ў выніку што атрымаецца? А давайце мы яшчэ будзем і дамы канфіскоўваць! І кватэры адбіраць. А потым скажуць: «А давайце мы будзем расстрэльваць! Бо мы не ведаем, што яшчэ рабіць». Вось, крымінальную адказнасць увялі ў сакавіку 2006 года. У пачатку сакавіка колькасць кіроўцаў, якія садзіліся нецвярозымі за руль, рэзка скарацілася. А праз некалькі дзён усе выраўнялася, і, паводле статыстыкі, сталі затрымліваць столькі ж нецвярозых кіроўцаў».

Згодны з ім і вадзіцель з 25-гадовым стажам Васіль:

«Не дапаможа! На «авось» людзі прывыклі спадзявацца: «Вось, вып'ю, авось мяне не зловяць, паеду». Тым больш, што не мала людзей, у якіх шмат грошай у кішэні - кожны разлічвае адкупіцца. Таму - як пілі, так і будуць піць!»

Зараз прапановы Генпракуратуры і Мінюста адносна больш жорсткага пакарання нецвярозых кіроўцаў знаходзяцца на ўзгадненні ў прэзідэнцкай адміністрацыі. Пётр Кісялёў не выключае, што іх спецыялісты ўнясуць свае прапановы ў законапраект. Але, разважае, калі сыходзіць з заяваў Лукашэнкі падчас апошняй прэс-канферэнцыі, то калі нейкія змены і будуць, то толькі ў бок яшчэ больш жорсткага пакарання.

Апошнія навіны