Наста Дашкевіч: У Змітра праз стрэсы абвастрылася хвароба
- 19.01.2013, 16:44
19 студзеня Наста Дашкевіч даведалася з апошніх лістоў палітвязня пра абвастрэнне ягонай хваробы.
«Праз моцныя болі ў шыі гадзінамі не мог наогул рухацца», - напісаў Зміцер Дашкевіч. З ягонага ліста вынікае, што турэмныя лекары калолі яму антыбіётыкі, і гэта часова дапамагло, але няма гарантыі, што хвароба зноў не вернецца.
«Сам ня ведае, ад чаго гэта можа быць. Быццам ня мог прастыць, паколькі зараз фактычна ня ходзіць на прагулкі, і скразнякоў у камеры няма. Мяркую, гэта ня тое што нервовае захворванне, але нешта, звязанае выключна з гэтымі турэмнымі стрэсамі, якія ён рэгулярна перажывае. І, як я разумею, яму лягчэе часова, пасля курсу ўколаў. Напісаў, што ў Горадні яго тэрмінова пралячылі, і стала крыху лепей», - распавяла Наста Дашкевіч «Радыё Свабода».
Наста Дашкевіч згадала, што летась, калі Зміцер знаходзіўся ў глыбоцкай калоніі, у яго быў такі самы прыступ. Тады адміністрацыя калоніі не дазволіла ёй перадаць для Змітра пэўныя лекі. Наста Дашкевіч спадзяецца, што ў гарадзенскай турме падобных праблем ня ўзнікне.
Лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча трымаюць ў гарадзенскай труме як злоснага парушальніка рэжыму. Пасля амаль двух гадоў зняволення ў калоніі нібыта за хуліганства палітвязня асудзілі яшчэ на год за непадпарадкаванне адміністрацыі.