«Неўязны» Куляшоў сабраўся ў Парыж
- 23.01.2013, 15:22
Неўязны ў ЕЗ былы міністр унутраных спраў выхваляецца сваёй беспакаранасцю.
Былы міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў уладкаваўся ў выканкам СНД на пасаду дарадцы аддзела супрацоўніцтва ў сферы барацьбы са злачыннасцю, тэрарызмам і наркапагрозай.
Ён кажа, што справы яго ідуць добра, на новай пасадзе ён не мае ніякіх прэферэнцый. Спачатку Куляшоў адмаўляўся ад інтэрв'ю:
«Я ўжо вам столькі даваў гэтых інтэрв'ю, што вам, напэўна, ужо чытаць надакучыла».
Затым ён пагутарыў з карэспандэнтам «Радыё Свабода» па тэлефоне.
На сваёй пасадзе міністра ўнутраных спраў у 2010 годзе Анатоль Куляшоў кіраваў разгонам Плошчы 19 снежня. Ці памяняў ён сваё стаўленне да гэтых падзеяў?
- Я сваіх пазіцый, як і стаўлення да ўсяго зробленага, не змяняў і не змяняю. Я ж не палітычная прастытутка. Я - чалавек слова, калі я сказаў, то раблю. І мяняць сваю пазіцыю адносна таго, што было, я не збіраўся, не збіраюся і ніколі гэтага не зраблю. Бо я дзейнічаў у рамках закона, у рамках сваіх паўнамоцтваў, якія ні на ёту не перавысіў.
- Гэта значыць, вам не сорамна?
- Не сорамна.
На просьбу пракаментаваць крымінальную справу ў дачыненні да свайго былога намесніка Яўгена Палудня Анатоль Куляшоў сказаў:
- Нічога я не каментую. Гэта не мая кампетэнцыя каментаваць. Звяртайцеся да таго, хто мае права гэта каментаваць.
- Вы знаходзіцеся ў спісе неўязных на тэрыторыю Еўразвяза…
- Чаму гэта вас хвалюе? Што, больш няма куды ездзіць Куляшову, ці што? І што, на Еўропе свет клінам сышоўся? Паеду ў іншую краіну, калі не ў Еўропу.
- Гэта значыць, на выкананні вашых службовых абавязкаў на новай працы гэта…
- Гэта ніяк не адаб'ецца. Прыкладам таму была Францыя, калі вы мяне там хацелі пасадзіць. Паехаў - і зараз паеду. Таму не хвалюйцеся: як ездзіў, так і буду ездзіць.
Анатоль Куляшоў кіраваў разгонам Плошчы 19 снежня 2010 года.
«Заўсёды ёсць старэйшы аператыўны начальнік. Непасрэдна на плошчы камандаваў я», - заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў студзені 2011 года. Тады ж ён адмовіўся прасіць прабачэння і заявіў, што супрацоўнікі міліцыі «не перавысілі ніводнага пункта дзейнага заканадаўства».
Таксама ён прызнаўся, што дазволіў супрацоўнікам міліцыі працаваць у цывільным падчас разгону «маўклівых акцый». МУС пад яго кіраўніцтвам ініцыявала прыняцце больш жорсткіх паправак адносна правядзення масавых акцый.
На пасадзе міністра ўнутраных спраў ён быў з чэрвеня 2009 года па травень 2012 года. У пачатку 2012 года арыштавалі намесніка Куляшова Яўгена Палудня і адхілілі ад пасады першага намесніка Алега Пякарскага. Куляшоў сышоў у адстаўку па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі.