Гайдукоў: «У бібліятэцы СІЗА КДБ усе кнігі з дрэнным фіналам»
- 23.01.2013, 16:05
Абвінавачаны ў шпіянажы навапалачанін Андрэй Гайдукоў ў СІЗА КДБ не маркоціцца і раіць маме да прагляду гістарычныя фільмы.
- У аўторак 22 студзеня з Андрэем сустрэўся адвакат, - распавяла «Салідарнасці» Вольга Гайдукова. - Прыйшлося чакаць увесь дзень, пакуль з'явіцца магчымасць сустрэцца, за гадзіну да заканчэння наведванняў. У выніку яны пагутарылі 40 хвілін, але добра, што наогул удалося сустрэцца і не прыйшлося прабівацца да яго некалькі дзён.
Па словах мамы Андрэя Гайдукова, сын трымаецца добра.
- Адвакат сказаў, што ён выглядае спакойным, здаровым, - кажа суразмоўца. - Пасылкі даходзяць, і на Новы год Андрэй атрымаў шмат паштовак і віншаванняў, прычым частка з іх былі адпраўленыя яшчэ ў СІЗА Віцебска, адкуль іх працягваюць перасылаць сыну ў «амерыканку».
Раніцай Вольга Гайдукова атрымала чарговы ліст ад сына.
- Зараз карэспандэнцыя стала хадзіць лепш, - адзначыла Вольга Пятроўна. - Ліст адпраўлены 20 студзеня і праз тры дні ў мяне. Андрэй даслаў мне спіс гістарычных фільмаў, якія рэкамендуе паглядзець. Піша мне - ты цяпер на пенсіі, вольнага часу шмат, вось і глядзі кіно. Рэкамендуе паглядзець экранізацыю трылогіі Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом», «Патоп» і «Пан Валадыеўскі».
Мама абвінавачанага ў шпіянажы навапалачаніна адзначае, што тэлевізар яе сыну глядзець не дазволена, але з газетамі праблем няма.
- Тэлевізар не дазвалялі і ў віцебскім СІЗА і ў амерыканцы, затое Андрэй атрымлівае «Белгазету», «Нашу Ніву» і «Народную волю», - кажа Вольга Гайдукова. - Я выпісала яму газеты і на люты, каб потым у СІЗА не казалі, што прэса не даходзіць з-за адсутнасці падпіскі. Акрамя газет у СІЗА чытання мала. Андрэй перадаваў, што ў мясцовай бібліятэцы літаратуры хапае, але ўся яна спецыфічная - усе кнігі з дрэнным фіналам. Мы чакаем рашэння гэтай сітуацыі. Ніхто не верыць у тое, што наш сын замяшаны ў шпіянажы. Добра, што прэса не зніжае ўвагу да лёсу Андрэя. Калі б не СМІ, то гэтую справу даўно б цішком падтасавалі.
Нагадаем, што 15 студзеня адбылася вочная стаўка абвінавачанага ў шпіянажы Андрэя Гайдукова і яшчэ аднаго фігуранта справы, нядаўна пераведзенага ў разрад падазраваных, моладзевага актывіста з незарэгістраванага наваполацкага «Саюза маладых інтэлектуалаў» Іллі Багданава.