BE RU EN

Зьміцер Вайцюшкевіч: Пра існаваньне «чорных сьпісаў» Лукашэнку вядома

  • 25.01.2013, 16:08

Сайт charter97.org сустрэўся са Зьмітром Вайцюшкевічам у галерэі “Ў”, дзе ён прэзэнтаваў сваю апошнюю працу на вершы культавага польскага паэта Рафала Ваячка.

Праўда, патрапіць на яе маглі толькі абраныя па загадзя складзеных сьпісах. У час кароткай адлігі артыст зьбіраў поўныя залі на сваіх сольных канцэртах у Менску ледзьве не штомесяц, выступаў у якасьці саліста аркестра імя Жыновіча пры філярмоніі, яго песьні з ахвотай ставілі на радыё. Цяпер Вайцюшкевіча лягчэй пачуць у Польшчы ці Расеі. На Радзіме на яго імя – табу. Ужо некалькі год ён ня можа выйсьці на сцэну легальна, FM-станцыі і дзяржаўнае тэлебачаньне яго падкрэсьлена ігнаруюць. З гэтай балючай тэмы і пачынаем размову.

- Вы чакалі больш канкрэтнага адказу ад Лукашэнкі на тэму забаронаў у рок-музыцы на нядаўняй прэс-канферэнцыі?

- Сумняюся, што ён ведае непасрэдна пра маю творчасьць, але мяркую, што пра існаваньне чорных сьпісаў яму вядома. І папраўка “ахайвалі краіну” пра гэта сьведчыць. Гэта тычыцца найперш тых музыкантаў, каго маглі арыштаваць пасьля акцыі “Салідарны зь Беларусьсю” у 2006 годзе. Мы тады думалі, калі вярталіся ў Беларусь з Варшавы, што такое магчыма, але абмежаваліся забаронамі. Пытаньне пра чорны сьпіс яно ня тое, што важнае, яно непрыемнае для ўладаў. І чарговы раз “уключыць дурня” на гэты конт для іх не складае праблемы. Я нават прапаноўваў сваім сябрам паспрачацца на скрыню каньяка: стаўлю, калі раптам нас дазволяць. Але ўсе баяцца (сьмяецца). Праляскоўскі з тры месяцы таму сказаў на адрас “пятай калёны”, што ніякай лібералізацыі чакаць не выпадае …

- У вас не было боязі, што ў пэўны момант ня здолееце пракарміць сям’ю сваім асноўным заняткам?

- Я пра гэта думаю з 1995 году, як скончыў унівэрсітэт культуры, бо ня ведаю, што буду рабіць у наступным месяцы. Вось зараз студзень, а я не ўяўляю адкуль буду мець грошы ў сакавіку, скажам. Жыцьцё навучыла ня быць залежным ад філярмоній, “Белканцэртаў”. Сёньня ёсьць складанасьці, але я шукаю альтэрнатыўных спосабаў пракарміць сям’ю. Ёсьць ідэя займацца аграэкатурызмам. Вольскаму прапаноўваў, калі “Крамбамбулю” толькі-толькі забаранілі: давай, кажу, перакваліфікуемся ў агратурыстаў, будзем даваць канцэрты, да нас будуць прыязджаць польскія журналісткі… Такім чынам аджартоўваліся. Можна шукаць магчымасьці выступіць, але гэта складана. Усе тыя, хто сьпявае па-беларуску, усе тыя, хто ў “чорным сьпісе”, заточаны на тое, каб працаваць найперш на гэтай тэрыторыі, для гэтай культуры. Інакш мне трэба назвацца якім “Славам Пятровым” ды ўзяцца за выкананьне рускага шансону.

- Дык не было такой думкі ўсур’ёз – зьехаць ды адбудаваць сябе па-новаму?

- Не-не-не. Па-першае, шмат сілаў і грошай ужо ўкінуў у свой хутар на Нёмане і мне там падабаецца. Да ўсяго, пакуль пашпарт маю. Падказваю – забярыце ў мяне пашпарт, у мяне жонка – габрэйка, так што тады будзем прасіць прытулку ў Ізраілі (сьмяецца).

- Вы маеце зямную прафесію ў выпадку калі зусім прыцісьне?

- Магу даваць прыватныя ўрокі ігры на клярнэце, ці на сапілцы, ці на саксафоне. Я ж па спэцыяльнасьці “кіраўнік духавога аркестра”. У чарнобыльскай зоне, думаю, забароны ня будуць дзейнічаць, там жа спэцыялістаў няма.

- Дык а зараз вам хапае на жыцьцё, нават ва ўмовах татальнай забароны канцэртнай дзейнасьці? Можаце параўнаць свой фінансавы стан да зьяўленьня “чорнага сьпісу” і пасьля?

- Я лічу, што беларускі артыст павінен зарабляць на месяц у раёне 15-25 тыс. даляраў. У мяне пакуль так не выходзіць. А палічыць, колькі страчана не складае ніякай цяжкасьці. Да забароны толькі ў Менску атрымлівалася даваць 10-11 сольных канцэртаў на год у залях ад 300 да 1000 чалавек. Грошы немалыя, не буду казаць суму, бо ў мяне цешча злая (сьмяецца). Плюс яшчэ былі аўтарскія адлічэньні за ратацыі на радыё, а зараз – нуль. Але я не хачу крыўдзіцца, хачу навучыцца жыць вось з гэтым усім гаўном і ня весьціся на ўсё гэтае. Ім гэта патрэбна – выламаць чалавека, каб ён ушоў у блуд, п’янства, дэпрэсію, узяў і зваліўся зь якога паверха… Я гэтаму супраціўляюся штодзённай працай, адпачынкам у лазьні, агратурыстыкай.

- Калі вы пачыналі музычную кар’еру, мелі на мэце стаць заможным і знакамітым?

- Паколькі пачынаў я ў “Палацы”, то нас адразу распесьцілі ў гэтым пляне. Мы ж тады гралі на “Азія Дауысы” і ў Нямеччыне, былі фіналістамі разам з “Мегаполисом” і “Ва-банком” на конкурсе Radio France International. Кар’ерных памкненьняў можа і не было, было жаданьне варушыцца, атрымаць самастойны досьвед, з чаго і пачалася праца з “Крыві”, а потым цалкам натуральна пайшоў працэс у сольным кірунку, як зь Веранікай разышліся. Я ня верыў у свае вакальныя здольнасьці, мне не падабаўся тэмбр майго голасу і я ня думаў, што кагосьці гэта зацікавіць.

- І калі прыйшла перакананасьць і вера ў свае сілы?

- Калі выдаў “Цацачную краму” на вершы Леаніда Дранько-Майсюка, калі зрабіў першы самастойны праект, калі зразумеў, што ўсё, што ты зарабіў – тваё і ня трэба нічога дзяліць з прадусарам. Канечне, каб абставіны дазвалялі – наняў бы дырэктара, каб ён бегаў і высьветляў сытуацыю з міністрам культуры, з дырэктарамі ДК, у якіх ёсьць сьпісы. Бо яны маюць сьпісы. Мне сказала дырэктар бярозаўскага ДК: “Дмитрий, нам очень жаль, у нас есть вот такая бумажка”.

- Як мяркуеце, усё магло быць інакш, калі б вы на выбарах-2010 адкрыта не падтрымалі Някляева?

- Няма ніякага значэньня. Вольскі, Кульлінковіч, Хаменка ў час той кампаніі дэкляравалі нэўтралітэт. І што? Тут маюць месца старыя крыўды. Сытуацыя тупаватая, таму ніхто ня ведае, як адказаць. І яна пагаршаецца, калі зірнуць на мінулы год, на берасьцейскія скандалы, на кантроль незалежнай музычнай сцэны. Камусьці заўжды чэшуцца рукі разагнаць нешта, падстрыгчы, пакараць, апусьціць, нахіліць…

- Вы абараняецеся ад усяго гэтага негатыву жыцьцярадаснасьцю. Але як так сталася, што ў музыцы вы часта зьвяртаеце ўвагу на паэтаў з трагічным лёсам. Згадваю альбом на верш Маякоўскага, цыкль песень на словы Ўладзімера Жылкі, альбом памяці Васіля Шугалея, апошні дыск “Ваячак”.

- Ёсьць жаданьне разабрацца ў праблемных нюансах нашага жыцьця. Можна гэтага не рабіць, як на беларускіх радыёстанцыях намагацца толькі весяліць, не казаць ані пра п’янства, ані пра вар’яцтва, ані пра складанасьці чалавечага жыцьця, ігнараваць праблемы культуры. А можна паспрабаваць разабрацца, як жыве асоба ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах. Той жа самы альбом “Ваячак” чапляе цэлыя пласты і там можна шукаць адказ, напрыклад, наконт таго, чаму гіне паэт. Чаму загінуў Гумянюк? Альбо Маякоўскі сам загінуў ці яму дапамаглі? Гэта можна параўнаць з аўтарскім кіно ці нават з дакумэнталістыкай, калі націскаецца на ня вельмі прыемныя зоны.

- У апошні ваш дыск “Ваячак” укладзена шэсьць год працы. Няўжо няма шкадаваньня наконт таго, што прэзэнтаваць яго публіцы шырока вы ня можаце?

- Яго можна пачуць у інтэрнэце wojaczek.todar.net. А шкадаваць няма часу, бо зараз іншая праца рыхтуецца – дыск песень на турэмную тэматыку аўтарства Генадзя Бураўкіна. Ёсьць спадзеў, што атрымаецца прадставіць “Ваячака” у Польшчы, так што ня ўсё так кепска.

- На карпаратывы і закрытыя вечарыны вас запрашаюць паіграць?

- Замаўляюць, але ня часта. Не лічу сябе такой карпаратыўнай зоркай, хоць рэпертуар у нас шырокі. Нават “Мурку” можам (сьмяецца). Сур’ёзна, у перакладзе на беларускую Алеся Камоцкага.

Бліжэйшыя канцэрты Зьмітра Вайцюшкевіча адбудуцца 1 лютага ў арт-клюбе “Кипяток” (Пецярбург), 2 лютага ў FAQ-Cafe (Масква).

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Апошнія навіны