BE RU EN

Дашкевіч пакутуе ад запалення цэнтральнага нерва

  • 26.01.2013, 22:18

Ад запалення цэнтральнага нерва палітвязня ратуюць абязбольвальныя ін’екцыі.

Стаў вядомы дыягназ хваробы, ад якой пакутуе ў Гарадзенскай турме лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. «У Змітра лекары выявілі запаленне цэнтральнага нерва», - паведаміла «Радыё Свабода» жонка палітвязня Наста Дашкевіч. З ейных слоў, Зміцер ад прыступу хваробы не мог нармальна рухацца і турэмныя лекары калолі яму абязбольвальныя лекі. «Але гэта лячэнне часовае і далей Змітру патрэбна рэгулярная медыцынская дапамога. Цяпер ён адчувае сябе лепш. Асноўнае лячэнне трэба будзе праводзіць, калі ён выйдзе на свабоду», - кажа Наста.

Днямі ліст ад Змітра Дашкевіча атрымаў палітвязень Павел Севярынец, які адбывае «хімію» ў Пружанскім раёне. Павел Севярынец адзначае, што гэты ліст ад Дашкевіча, як і мінулыя, вельмі аптымістычны і светлы. «Пра сваю хваробы ён нічога не напісаў, але гэта як заўсёды - ён ніколі не скардзіцца на здароўе, што б з ім не было», - кажа Павел Севярынец.

Дашкевіч і Севярынец праз лісты абменьваюцца і думкамі аб палітычнай сітуацыі. На гэты раз ацэнкі Змітра Дашкевіча супалі з меркаваннем Паўла Севярынца:

«Асабліва шмат тут не скажаш, а коратка можна параўнаць палітычную сітуацыю з балотам. І ён так пра яе і кажа. Нават яму з турмы гэта бачна».

Змітра Дашкевіча ўтрымліваюць у гарадзенскай турме. Перад заканчэннем двухгадовага тэрміну зняволення нібыта за хуліганства напярэдадні выбараў палітвязня асудзілі яшчэ на год нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі і кінулі ў турму як злоснага парушальніка рэжыму.

Апошнія навіны