ФПБ заплюшчвае вочы на нявольніцкі дэкрэт
- 28.01.2013, 13:30
У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі спадзяюцца, што на практыцы дэкрэт № 9 ужывацца не будзе.
У Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) пакуль не паступала зваротаў ад работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у сувязі з дэкрэтам прэзідэнта № 9. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнай прававой управы апарату рады ФПБ Уладзімір Шалковіч 28 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.
З ягоных слоў, акрамя ФПБ за сітуацыяй на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі сочыць прафсаюз работнікаў лесу. Аднак і ён не валодае інфармацыяй аб тым, што пункты згаданага дэкрэту ўжываліся на практыцы, хоць і не выключае адзінкавых выпадкаў ужывання ў будучыні.
Шалковіч мяркуе, што прававую ацэнку дэкрэту павінны даваць «іншыя органы». ФПБ, з ягоных слоў, раней выступала супраць укаранення дэкрэта № 29 «Аб дадатковых захадах для ўдасканалення працоўных дачыненняў, умацавання працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» 1999 года, які рэгламентаваў прынцыпы кантрактнага наймання. Цяперашні дэкрэт проста ўнёс карэктывы ў дэкрэт № 29, падкрэсліў ён.
«Мы не выступалі катэгарычна супраць (дэкрэта № 9. - БелаПАН.), але спадзяемся, што практыка будзе ісці шляхам ужывання таго заканадаўства, якое было да дэкрэта № 9», - рэзюмаваў Шалковіч.
Спецыяліст паведаміў, што вядзецца праца над прапановай кіраўніка Федэрацыі незалежных прафзвязаў Расеі Міхаіла Шмакава аб кансалідацыі расейскіх і беларускіх прафсаюзных сіл і выпрацоўцы адзінай пастановы што да дэкрэта № 9. Аднак у якім ключы вядзецца гэтая праца і на якой стадыі яна знаходзіцца, Шалковіч канкрэтызаваць не стаў, спаслаўшыся на тое, што гэткімі пытаннямі займаецца не ягоная служба.
Дэкрэт № 9 загадвае перавесці ўсіх работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў на кантрактную форму наймання. Датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы працаўнікоў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаны старшыні абласнога (Менскага гарадскога) выканкама. У выпадку парушэння работнікамі працоўных абавязкаў і звальнення яны павінны кампенсаваць грашовыя выплаты, якія будуць налічвацца ім дадаткова да заробку. Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны ў дачыненні да працаўнікоў генеральных выканаўчых арганізацый і праектантаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестпраектаў для тэхнічнага пераабсталявання, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцяў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Дэкрэт асудзілі апазіцыя і незалежныя прафзвязы Беларусі, а таксама буйныя міжнародныя прафцэнтры.
У снежні мінулага года сітуацыя ў Беларусі, у тым ліку названы дэкрэт, абмяркоўвалася на сустрэчы лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандра Ярашука з генеральным дырэктарам Міжнароднай арганізацыі працы Гаем Райдэрам.
У студзені гэтага года спецыяльны дарадца гендырэктара МАП Кары Тапіёла ў інтэрв'ю радыёстанцыі «Нямецкая хваля» заявіў, што арганізацыя гатовая разгледзець скаргу на забарону звальненняў на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах Беларусі, як толькі такая паступіць.