Збрэндзілі!
- Зміцер Падбярэзскі, «Радыё Свабода»
- 29.01.2013, 8:21
Беларусь — краіна кантрастаў.
Чым далей, тым больш яна падобная да расьсеянага чалавека, у якога правая рука часам абсалютна ня ведае, чым у гэты момант займаецца левая і дзе яе наагул шукаць. Прыкладам можа паслужыць цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў прафэсійнага конкурсу «Брэнд году», якая адбылася 25 студзеня ў «крыштальным сасудзе» ведаў — Нацыянальнай бібліятэцы.
Сьпіс пераможцаў у намінацыі «Брэнд-пэрсоны 2012 году» выглядае ня проста як сэнсацыя, а цягне няйначай на скандал, калі браць пад увагу негалосную палітыку ўладаў у галіне мастацтва, у прыватнасьці — папулярнай музыкі. Арганізатары цырымоніі, назваўшы пераможцаў, ускосна кінулі выклік ня толькі арганізатарам Нацыянальнай музычнай прэміі, але й наагул цяперашняй ідэалёгіі краіны. Можна, безумоўна, схіляцца да вэрсіі, быццам бы такім вось чынам улада зрабіла спробу «купіць» парачку «нячэсных» музыкаў, але, думаецца мне, тут яўна ня той выпадак.
Такім чынам, напачатку сьпіс адзначаных у гэтай намінацыі (маю на ўвазе толькі прадстаўнікоў музычнага цэху) выглядаў больш чым звыкла: імёны Анатоля Ярмоленкі, Ларысы Грыбалёвай, Ядвігі Паплаўскай, Аляксандра Ціхановіча і нават Уладзімера Пугача наўрад ці цягнуць на загадзя сплянаваную ідэалягічную правакацыю. Але ж да добранадзейных нечакана прыцягнулі Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка! Выканаўчы дырэктар рэклямнага агенцтва «Smart Group Ogilvy Belarus» пры гэтым патлумачыў: «Ніякіх «чорных сьпісаў» я ня бачыў, аднак аб праблемах ведаю. Гэтым рашэньнем мы сьведчым, што ў журы «Брэнда году» няма цэнзуры, што тут нічога ня куплена, а сябры журы — гэта незалежныя людзі, якія маюць уласную думку». От бы тыя словы ды ў адрас арганізатараў Нацыянальнай музычнай прэміі!..
Як на сёньняшні час, дык сьмела сказана, рэспэкт! Аднак чым тыя словы адгукнуцца, ня ведаю. А таму й не сьпяшаюся бегчы да букмэкераў, каб зрабіць стаўкі...
Самае забаўнае ў тым, што завуць выканаўчага дырэктара агенцтва «Smart Group Ogilvy Belarus» — Аляксандар Кулінковіч, на што ён сам з усьмешкай і зьвярнуў увагу падчас цырымоніі. Пры гэтым паабяцаўшы перадаць узнагароды Міхалку й Вольскаму.
Вось ён, сындром правай і левай рук. Нацыянальная музычная прэмія гэтых выканаўцаў не заўважае, у той час як цырымонія «Брэнд году» ставіць іх у адзін шэраг зь лепшымі. Аднак пры гэтым самі адзначаныя ўзнагародамі прысутнічаць на цырымоніі ня могуць: Вольскі — нібыта з-за занятасьці, Міхалок — таму што... Таму што! Ну вы ж разумееце...
Невядома пакуль, які будзе — і ці будзе — працяг, зараз і ў наступным годзе. Але ж пакуль віадвочна іншае — сярод пераможцаў сапраўды ёсьць пэрсоны, як сярод сяброў журы — сапраўды асобы. І новае слова для таго, што адбылося — збрэндзілі!
Зміцер Падбярэзскі, «Радыё Свабода»