BE RU EN

Дэвід Марплз: Сустрэча з Лукашэнкам - цынізм або наіўнасць

  • 29.01.2013, 17:06

Вядомы даследчык не разумее, чаму амерыканскі фонд кінуўся падтрымліваць астатняга дыктатара Еўропы.

Сустрэча амерыканскіх палітолагаў з Лукашэнкам выклікала неадназначную рэакцыю як у Беларусі, так і за яе межамі, паведамляе «Радыё Свабода». На гэтую тэму выказаўся, у прыватнасці, вядомы даследчык Беларусі Дэвід Марплз у інтэрв'ю, якое ўзяў у яго супрацоўнік Нямецкага фонду Маршала Павал Дэмэш.

- Вы з'яўляецеся адным з найбольш вядомых заходніх даследчыкаў Беларусі. Вы таксама часта выступаеце на выдатным сайце Jamestown Foundation. Прэзідэнт гэтага фонду і два звязаных з фондам аналітыкі надоечы сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая сустрэча выклікала абурэнне сярод беларускай дэмакратычнай супольнасці. Ці бачыце Вы сябе часткай гэтай каманды? Як Вы ўспрымаеце гэты візіт?

- Я нічога не ведаў аб гэтым візіце. Адзін з яго ўдзельнікаў - Грыгорый Ёфэ - мае такі ж статус у Jamestown Foundation, як і я. Мы з'яўляемся незалежнымі аўтарамі тэкстаў пра Беларусь. Такім чынам, удзел прафесара Ёфэ ў сустрэчы з кіраўніком Беларусі - гэта яго асабістая справа. Але той факт, што ў сустрэчы бралі ўдзел прэзідэнт фонду і галоўны аглядальнік Eurasian Daily Monitor, паказвае, што візіт не быў цалкам прыватным. Гэтыя людзі не проста прыйшлі да Лукашэнкі. І візіт у адказ немагчымы, бо кіраўніку Беларусі забаронены ўезд у ЗША. Такім чынам, прадстаўнікі ЗША сустракаліся з чалавекам, якога амерыканскі ўрад уважае за persona non grata. Навошта? І прагучалі на сустрэчы просьбы вызваліць Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца або Змітра Дашкевіча? Відавочна, не. Я прачытаў тры паведамленні аб сустрэчы. Ва ўсіх трох наведнікі падкрэслівалі, што Лукашэнка мае праблемы з вобразам на Захадзе, што віна за гэта ляжыць у значнай ступені на безадказных СМІ, што ён вызваліў вязняў, якія «нават не прасілі аб памілаванні», што абедзве стараны павінны быць рэалістычнымі і расчацца з новым дыялогам.

Калі я чытаю такія каментары ў заходніх СМІ, у мяне перад вачыма паўстаюць выявы 19-20 снежня 2010 года - кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў ляжыць збіты і без прытомнасці на бруку плошчы Незалежнасці, збіваюць ягоную жонку, якую выцягнулі з аўтамабіля, Уладзіміра Някляева збілі, а потым забралі з шпітальнага ложку, 7 з 9 кандыдатаў - у турэмнай камеры ў ноч выбараў. Аналагічная сітуацыя была і ў сакавіку 2006 года. І што змянілася з тых часоў? Турэмны тэрмін Дашкевіча быў павялічаны, Саннікаў і Міхалевіч далучыліся да Пазьняка [у эміграцыі], рэдактар часопіса ARCHE, адзінага вольнага інтэлектуальнага часопіса ў Беларусі, накіраваўся тым жа маршрутам. Сотні беларускіх студэнтаў вучацца цяпер за межамі краіны і пачалі фармаваць буйныя грамады ў Варшаве, Вільні і іншых гарадох. Я не чуў, каб хоць бы адно з гэтых імёнаў фігуравала ў размове. А што да просьбаў аб памілаванні, то гэта ўвогуле дзіўны сюжэт - а за што, уласна, яго прасіць?

На мой погляд, гэты візіт сведчыць альбо аб дзіўнай наіўнасці альбо аб глыбокім цынізме ў дачыненні да патрэбы захавання асноўных вольнасцяў.

- Пры якіх умовах заходнія аналітыкі могуць прымаць запрашэнні ад Лукашэнкі ці іншых аўтарытарных лідэраў? Ці лічыце вы дапушчальным, каб яны наведвалі такіх лідэраў?

- Я думаю, што гэта можа быць прымальным, калі запрошаныя таксама цяперашнія і былыя палітычныя зняволеныя, а таксама лідары апазіцыі. Але гэта адбудзецца толькі ў сітуацыі, калі Беларусь выканае патрабаванні аб вызваленні ўсіх палітвязняў, забеспячэнні свабоды СМІ, свабоды слова і сходаў (у поўным сэнсе апошняга слова). І тады ўзнікае пытанне пра абставіны нядаўняй сустрэчы - чаму яна адбылася і чаму ў такім фармаце? Чаму даследчы фонд кінуўся падтрымліваць самы жорсткі рэжым у Еўропе? Гэта азначае нязгоду з асноўнымі прынцыпамі палітыкі ЗША (і ЕЗ) у дачыненні да Беларусі.

- Якой Вы бачыце ролю заходніх аналітыкаў у пытанні правоў чалавека, а менавіта - у пытанні вызвалення палітычных зняволеных? Спрыяў гэтаму нядаўні візіт Jamestown Foundation?

- Я думаю, што тут мы павінны быць асцярожнымі. Аналітыкі не могуць быць адвакатамі. Мы не можам адкрыта прымаць чыюсьці старану, не губляючы даверу да сябе. У мінулым я не браў удзел у сустрэчах з апазіцыяй або ў публічных дэманстрацыях у Менску ды іншых месцах. Я праводжу даследаванні, я гісторык, я аналізую сучасную палітыку, так што гэта лагічны спосаб паводзін. Але я думаю, мы абавязаны сумленна паведамляць пра тое, што мы бачым, з улікам, зразумела, абмежаванага кола і часу камунікацыі. Мы не жывем у Беларусі, і, магчыма, мы не разумеем некаторыя аспекты тамтэйшага будзённага жыцця. Нават тады, калі мы знаходзімся там, мы маем стасункі з пэўнымі коламі. Мы маем стасункі з інтэлігенцыяй і навукоўцамі, а не з калгаснікамі і працоўнымі. Тым не менш, я мяркую, што праз чытанне тэкстаў і размовы з людзьмі мы можам дасягнуць пэўнага разумення грамадства.

На мой погляд, словы, сказаныя на гэтай сустрэчы - гэта ўскосная крытыка тых на Захадзе, хто ведае (і любіць) Беларусь і спрабуе сумленна ацаніць сітуацыю там. Я шмат вывучаў Беларусь, Украіну і Расею і магу правесці параўнанне. Беларускі рэжым менш «злачынны», чым улады Расеі і Украіны ў пытанні крадзяжу прыродных рэсурсаў, але ён, несумненна, больш жорсткі і помслівы.

Сёй-той мяркуе, што Расея сёння засвойвае «лукашызм» - досвед беларускай палітыкі, пры Уладзіміру Пуціну яна становіцца ўсё больш аўтарытарнай. Украіна пакуль не дайшла да такой ступені, але тамтэйшае кіраўніцтва - вельмі карумпаванае. У Расеі і ва Украіне было некалькі прэзідэнтаў, у Беларусі - толькі адзін. Праўда, гэта не самая горшая дыктатура на планеце, але яна стала горшай, а не лепшай з цягам часу, асабліва ў больш жорсткіх эканамічных варунках, калі прэзідэнт больш не мае доступу да танных расейскіх нафты і газу. Расшырэнне паўнамоцтваў КДБ і МУС выклікае глыбокую ўстурбаванасць.

Мяркуючы з апублікаваных паведамленняў, гэтыя пытанні на сустрэчы не закраналіся. Замест гэтага крытыкаваліся «санкцыі» і заходнія СМІ. Адказ на пытанне, чаму Захад павінен праводзіць новы дыялог з афіцыйным Менскам, таксама не прагучаў, але думаю, што ён звязаны з двума тэзісамі:

1. Беларусь і Лукашэнка служаць свайго роду фарпостам або буфернай дзяржавай супраць расейскай экспансіі альбо ўплыву на захад - вобраз адважнага лідара, які супрацьстаіць драпежніку-хулігану, што хоча забраць ягоныя рэсурсы.

2. ЕЗ і Беларусь павінны працаваць на роўных - Беларусь не павінна разглядацца як дзіця. Гэта формула, якая прагучала ў каментары нямецкага аналітыка Аляксандра Рара.

- Не маглі б вы спыніцца на гэтым больш падрабязна?

- Першы тэзіс - гэта бязглуздзіца. Лукашэнка служыць толькі сабе і сваёй уладзе. Што да другога, магчыма, ёсць элемент паблажлівасці ў тоне, якім з Беларуссю размаўляюць сёння. Але гэта наступства ўнутрыеўрапейскія дыскусіі, у якой Менск з'яўляецца адной з тэм. Калі краіна ўступіла ў «Усходняе партнёрства», то яна прымае пэўныя прынцыпы, у тым ліку - абавязанні рэфармавання грамадства, пашырэння дэмакратыі і г.д. Так што заходнія аналітыкі не могуць адкінуць гэта і сказаць, што з Беларуссю абыходзяцца несправядліва.

І я згодны, што санкцыі не з'яўляюцца ідэальнай палітыкай. Тым не менш, нейкі адказ на абуральныя падзеі ў Беларусі патрэбны. Якім будзе наш свет, калі мы проста скажам: гэта ўнутраная справа, давайце проста прымем Беларусі такой, якой яна ёсць, і будзем вітаць Лукашэнкі ў якасці яе прадстаўніка ў парламентах еўрапейскіх краін. Гэта было б не толькі парушэннем нашага абавязку, гэта было б абразай для тых, хто ў Беларусі вядзе барацьбу, каб змяніць грамадства.

Тое, што яны да гэтага часу не маюць вялікага поспеху, тлумачыцца не столькі бракам папулярнасці, колькі пераследам іх з боку рэжыму. Таму я не бачу асаблівых матываў, з якіх сучасныя «міратворцы» абараняюць кіраўніка Беларусі, якога «няслушна зразумелі».

Нагадаем, 21 студзеня Лукашэнка сустрэўся з чатырма амерыканскімі даследнікамі: Гленам Говардам - прэзідэнтам Jamestown Foundation, Уладам Сокарам з гэтага ж фонду, Янушам Бугайскім з Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў і Грыгорыем Ёфэ - прафэсарам Рэдфардскага ўніверсітэта.

Апошнія навіны