Францкевіч мог сустрэць Новы год у карцэры
- 3.01.2013, 11:01
Палітвязень Аляксандр Францкевіч адбыў перад Новым годам 10 дзён у карцэры.
Вязня івацэвіцкай калоніі Аляксандра Францкевіча напярэдадні Новага года вызвалілі з карцэра, але пакаралі пазбаўленнем кароткатэрміновага спаткання. Маці палітвязня, Тацяна Францкевіч кажа, што пакаранне сына карцэрам магло зацягнуцца і на час пасля Новага года, але яму пашанцавала: дадатковых 10 дзён, як было раней, Францкевіч не атрымаў, перадае «Радыё Свабода».
«10 сутак адбыў. І тое начальнік зоны сказаў, што яго яшчэ пашкадаваў, адпусціў перад Новым годам, а мог дадаць яшчэ некалькі сутак», - распавяла маці палітвязня.
Аляксандр Францкевіч у мінулым годзе двойчы пабываў у карцэры. Апошні раз яго пакаралі за тое, што наведаў знаёмага ў іншым атрадзе, а гэта забаронена. Пазбаўленне права на кароткатэрміновае спатканне, якое планавалася на студзень, азначае для Францкевіча і яго маці, што пабачацца яны толькі ў траўні, ды і то ў выпадку, калі не будзе новых парушэнняў і спагнанняў.
На свабоду Аляксандр Францкевіч павінен выйсці ў верасні. Актывіст анархісцкага руху адбывае 3 гады зняволення ў івацэвіцкай калоніі па абвінавачанні ў нібыта нападзе на афіцыйныя будынкі.