«Невыязныя» спрабуюць праткнуцца ў ЕЗ пад чужымі прозвішчамі
- 31.01.2013, 13:59
Чыноўнікі і суддзі мяняюць прозвішчы, каб патрапіць у Еўразвяз.
Дыпламат амбасады адной з краін Еўразвязу тлумачыць, ці могуць людзі з «чорнага спісу» атрымаць шэнгенскую візу, калі, напрыклад, зменяць прозвішча.
Падставай для такога пытання ад «Радыё Свабода» стаў той факт, што невыязная суддзя Жанна Дубініна з суда Заводскага раёна Менска надоечы стала Жаннай Роўдай.
На гэты момант «чорны спіс» беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу, змяшчае 231 прозвішча, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Гэта людзі, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і фальсіфікацый вынікаў выбарчых кампаній.
- Каб атрымаць візу на ўезд, трэба спачатку падаць адпаведныя дакументы да нас, - кажа консул амбасады адной з краін Еўразвязу ў Беларусі. - Мы, у сваю чаргу, паведамляем гэтыя звесткі ў Брусэль. Там існуе спецыяльная сістэма праверкі. Як яна дзейнічае, я, па-першае, не магу казаць, а па-другое, і сам ведаю гэтую працэдуру толькі ў агульных рысах.
На мой погляд, сістэма працуе нядрэнна. Напрыклад, я ведаю, што з яе дапамогай скасаваліся дзве спробы людзей з «чорнага спісу» атрымаць шэнгенскую візу, калі яны змянілі ў сваіх прозвішчах адну-дзве літары. Забарону наклалі менавіта ў Брусэлі. І таму калі хтосьці кажа, што яму адмовілі ў візе ў пасольстве Літвы, Эстоніі, Польшчы ці ўсялякай іншай краіны ЕЗ, то гэта не так. Шлагбаўм для іх апусцілі не ў Менску, а ў Брусэлі.
- Ці можна ў такім выпадку даць 100% гарантыі, што людзі з гэтага спісу не трапяць у Еўразвяз?
- 100% гарантыі, мабыць, даваць нельга. Бо прадугледзець усё чыста ў жыцці немагчыма. Напрыклад, выпішуць чалавеку з спісу новы пашпарт на абсалютна іншае прозвішча. Я маю на ўвазе не тыя выпадкі, калі чалавек бярэ або касуе шлюб і ягонае прозвішча праз гэта мяняецца. А наогул бярэцца нейкае іншае імя, як той казаў, проста з галавы. Умоўна кажучы, Сівакоў раптам стане Дзянісавым.
- А хіба такое прынцыпова магчыма?
- У Беларусі, як мне здаецца, магчыма ўсё.