Генпракуратура Кыргызстана: Пашпарт паплечніка Бакіева - фальшывы
- 31.01.2013, 16:11
Беларускі пашпарт на імя Пазылы Ташбаева, які быў з сабой у экстрадаванага з Казахстана Пайзулабэка Рахманава, выявіўся фальшывым.
Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» супрацоўніка прэс-цэнтру Генеральнай пракуратуры Кыргызстану Акманбэт Абраманаў. Справай Пайзулабэка Рахманава займаецца Камітэт нацыянальнай бяспекі. Паводле Абраманава, праваахоўныя органы разглядаюць Рахманава як грамадзяніна Кыргызстану.
Другі сакратар амбасады Беларусі ў Бішкеку Міхаіл Карачун заявіў, што амбасада не разглядае Рахманава як беларускага грамадзяніна і, адпаведна, ня будзе аказваць яму прававой ды консульскай дапамогі.
Пайзулабэка Рахманава абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Джалал-Абадзе, дзе ён пэўны час быў губернатарам, а таксама ў карупцыі (пры прэзідэнце Бакіеве ён займаў пасаду кіраўніка агенцтва па матэрыяльных рэзервах).
Рахманаў, якога Кыргызстан абвясціў у вышук, быў затрыманы праваахоўнымі органамі Кахзахстану яшчэ ў чэрвені 2012 году, а 30 студзеня ён быў выдадзены Кыргызстану.
Нагадаем, былы кіраўнік Кыргызстана Курманбэк Бакіеў і ягоны брат Жаныбэк Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі. Яны абвешчаныя ў міжнародны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук праз Інтэрпол. Яны абвінавачваюцца паводле артыкулаў крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбэку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў 2012 годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў у прадмесці Менска.