BE RU EN

На «Белсаце» - прэм'ера фільма пра Алеся Бяляцкага

  • 4.01.2013, 13:27

Дакументальны фільм «Вясна» можна будзе ўбачыць у суботу, 5 студзеня, у 21.15 і ў нядзелю, 6 студзеня, у 18.10.

Фільм распавядае пра лёс і працу старшыні ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама пра тых людзей, якім арганізацыя дапамагала адстойваць свае правы.

«Гісторыя найноўшай Беларусі - гэта гісторыя рэпрэсій. Кожная лёсавызначальная падзея - выбары, павелічэнне коштаў, змяненне заканадаўства - сканчаецца рэпрэсіямі. Арганізацыя ж дапамогі рэпрэсаваным - ў прамой канфрантацыі з рэпрэсіўнымі органамі. Такім чынам, Алесь Бяляцкі стаў у пэўным сэнсе асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі. Бо усведамляючы, што ў выпадку праблем табе ёсць каму дапамагчы, перастаеш баяцца сказаць, што думаеш, ці пайсці на акцыю пратэсту», - кажа рэжысёр фільма Вольга Швед.

Арганізацыя дапамогі рэпрэсаваным «Вясна'96» узнікла ў 1996-м, праз два гады пасля таго, як Лукашэнка стаў кіраваць.

Фільм паказвае гісторыю праваабарончага цэнтра на фоне найноўшай гісторыі Беларусі. Цэнтральная фігура стужкі - Алесь Бяляцкі, ён прысутнічае на архіўных здымках і кадрах кінахронікі, але ў фільме няма выказванняў самога Алеся, акрамя апошняга слова ў судовай залі. І ўсё ж ён звяртаецца да нас - вуснамі сваёй жонкі, якая распавядае, чаму Алесь выбраў у жыцці беларускі шлях, чаму заняўся абаронай людзей ад посткамуністычных уладаў, як паступова прывыкаў да думкі, што і сам стане ахвярай рэпрэсій, як жыў з усведамленнем непазбежнасці гэтага . Які кошт акрамя свабоды даводзілася плаціць яму штодня, і што значыць быць побач з такім чалавекам?

«Калі мы чытаем, што «Вясна» дапамагае рэпрэсаваным, за гэтым не стаіць ніякіх эмоцый. З такіх радкоў цяжка зразумець: што перажывае чалавек, калі яго звальняюць з працы, якая з'яўляецца яго прызваннем, што азначае застацца без сродкаў да існавання толькі з-за таго, што ты думаеш, як не дазваляецца? У якую асабістую трагедыю ператвараецца кампанія пераследу ў невялікай вёсцы? А як можна ўвесь час жыць з думкай, што вось-вось да цябе дадому пастукаюць, а мужа пасадзяць? Што значыць штодня чакаць мужа з працы і не ведаць, ці вернецца ён, пры гэтым цалкам яго падтрымліваючы? Я спрабавала паказаць у гэтым фільме чалавека», - кажа рэжысёр.

Прэм'ера дакументальнага фільма «Вясна» - 6 студзеня ў 18:10. Пасля прэм'еры фільм можна будзе паглядзець на сайце Белсата.

Апошнія навіны