2,5 мільёны працаздольных беларусаў не занятыя ў эканоміцы
- 5.01.2013, 14:13
Беларусы масава з'язджаюць за мяжу.
Паводле розных ацэнак, за межамі Беларусі працуе ад 100 тысяч да мільёна грамадзян нашай краіны. Зразумела, што большасць з'ехала на заробкі не ад добрага жыцця. Чым гэта пагражае эканоміцы Беларусі і як уплывае на рынак працы?
Паводле звестак МУС, у студзені-верасні 2012 года за межы Беларусі паводле ўкладзеных працоўных пагадненняў выехалі 5779 грамадзян (у студзені-верасні 2011 года - 4565 чалавек), пішуць «Беларускія навіны».
Аднак спрэс пэўна можна сказаць, што афіцыйныя звесткі не адлюстроўваюць аб'ектыўную рэчаіснасць: толькі малая частка тых, хто ад'язджае на працу за мяжу, рэгіструецца ў адпаведных службах.
Паводле даследавання «Уплыў міграцыйных плыняў на сацыяльна-эканамічныя паказчыкі краіны: досвед Беларусі», праведзенага на замову Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, адток незарэгістраваных працоўных мігрантаў з Беларусі больш чым у 30 разоў перасягае зарэгістраваную працоўную міграцыю і ацэньваецца як мінімум у 150 тысяч чалавек штогод.
Пры гэтым, як паводле афіцыйных звестак, так і паводле экспертных ацэнак, 85-90% усіх працоўных мігрантаў з Беларусі выязджаюць у Расію. Усходні вектар збольшага выбіраюць жыхары малых і сярэдніх гарадоў. У той жа час у жыхароў сталіцы пераважае зазвычай заходні кірунак для працаўладкавання.
Асноўная частка працоўных мігрантаў прыпадае на моладзь ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў.
Са слоў прадстаўніцы Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ) у Беларусі Наталлі Жак, цяпер знаходзяцца за мяжой ад 800 тыс да 1,2 млн грамадзян Беларусі працаздольнага ўзросту. «Гэта не значыць, што яны з'ехалі назаўсёды і не вяртаюцца, - адзначыла экспэртка. - Яны з'язджаюць, вяртаюцца, яны выязджаюць на сезонныя работы, потым зноў вяртаюцца, то бок, гэта такая сэзонная міграцыя».
Дарэчы, у бліжэйшыя два-тры гады МАМ мае намер правесці даследаванне міграцыйных плыняў грамадзян, якія выязджаюць з Беларусі і ўязджаюць у краіну, пішуць «Беларускія навіны».
Ускосна масавы выезд на працу за мяжу беларускіх грамадзян пацвярджаецца звесткамі статыстыкі: спісавая колькасць работнікаў арганізацый у студзені-кастрычніку 2012 знізілася на 81,9 тыс чалавек да 3 млн 374 тыс чалавек, або 97,6% ад паказчыка за аналагічны перыяд 2011 года.
Між тым, паводле вынікаў перапісу 2009 года, у Беларусі дзель насельніцтва ў працаздольным узросце (больш за 5,8 млн чалавек, або 62% насельніцтва краіны) значна большая за колькасці занятых у эканоміцы. Такім чынам, амаль 2,5 млн працаздольных беларусаў не занятыя ў айчыннай эканоміцы. Характэрна, што розніца паміж колькасцю працоўных грамадзян і колькасцю працаздольнага насельніцтва ў студзені мінулага года была меншая – блізка што 1,3 млн чалавек.
Безумоўна, гэтая розніца досыць умоўная, бо сярод працаздольнага ўзростам насельніцтва ёсць навучэнцы, студэнты, беспрацоўныя, працоўныя без рэгістрацыі працоўных дачыненняў і, вядома ж, працоўныя за мяжой. У кожным выпадку, такая колькасць людзей, не ўключаных у эканоміку, азначае, як мінімум, што рынак працы нездаровы.
Працоўная міграцыя - гэта найперш рэакцыя насельніцтва на эканамічныя цяжкасці, спосаб іх пераадолення. У даследаванні, праведзеным Даследчым цэнтрам ІПМ, адзначаецца, што ў цэлым павялічылася залежнасць сацыяльна неабароненых груп ад матэрыяльнай дапамогі родных і блізкіх, у тым ліку ў форме грашовых пералічэнняў працоўных мігрантаў.
Як аздаравіць рынак працы?
Улады Беларусі задумваюцца аб тым, каб кампенсаваць дэфіцыт на рынку працы за кошт прыцягнення работнікаў з-за мяжы. На прыцягненне мігрантаў у нашу краіну Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады прадугледжана фінансаванне ў суме 2,8 млрд. рублёў штогод.
Міграцыйны прырост, паводле звестак Белстата, у студзені-лістапада 2012 г. у параўнанні з аналагічным перыяд 2011 г. знізіўся на 43,1% і склаў 5286 чалавек. Дадатнае сальда міграцыі зменшыла натуральныя страты насельніцтва на 54,4% (у студзені-лістападзе 2011 г. - на 37,9%).
Між тым Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі прадугледжвае дасягненне да 2015 годзе дадатнага сальда замежнай міграцыі на ўзроўні 60 тысяч чалавек. Мяркуючы з папярэдніх вынікаў мінулага года, такое мала імаверна.
Сума фінансавання Дзяржпраграмы спрыяння занятасці насельніцтва на 2013 год у параўнанні з мінулым годам павялічаная амаль у паўтары разы - да 328,6 млрд рублёў. Аднак закладзеныя ў праграме механізмы навіной не вызначаюцца, такім чынам, чакаць эфектыўнасці ад рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы наўрад варта.
Экспэрты адзначаюць, што ў Беларусі, каб спыніць уцёкі з краіны рабочых рук і прывабіць да нас спецыялістаў з іншых рэгіёнаў, няма іншага выйсця, акрамя як павышаць заробкі.
Аднак хутка ўзняць ўзровень даходаў насельніцтва без істотных праблем для эканомікі немагчыма. Павольны ж рост заробкаў - занадта марудны працэс для таго, каб выступаць прывабным чыннікам для беларускага рынку працы.
Менавіта сума заробкаў з'яўляецца ключавым чыннікам для прыняцця пастановы на карысць міграцыі, адзначае эканаміст Сяргей Балыкін: «З рэгіёнаў людзі едуць працаваць у Менск, адсюль - у Расею. Пакуль дысбаланс ёсць, будзе адток кадраў. Выкарыстанне адміністрацыйных захадаў, як закрыццё межаў, нерэальнае: яны супярэчаць палітычным устаноўкам. Каб заробкі павялічваліся, трэба праводзіць адпаведныя рэформы».
Пры гэтым, адзначае Балыкін, з'язджаюць з Беларусі не на такія ўжо вялікія заплаты, як здаецца: «Прабівацца ў Расеі, напрыклад, асабліва не даюць. Беларусы там становяцца офісным планктонам. Зоркамі нашыя акторы не сталі, алігархамі таксама».
Сітуацыю на рынку працы Беларусі можа змякчыць тое, што сюды «прыходзяць расейскія наймальнікі, якія гатовыя плаціць крыху больш, чым у Беларусі, але менш, чым у Расеі».
Так ці інакш, кажа Сяргей Балыкін, «толькі самі людзі могуць пабудаваць жыццё ў сваёй краіне, ніхто за нас нічога тут не зменіць».