Магілёўская прадпрымальніца адбараніла права на працу
- 5.01.2013, 16:14
Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці прызнаў неправамернай пастанову ўладальнікаў гандлёвага цэнтра «Прэстан».
Напрыканцы 2011 года ўладальнікі цэнтра адмовіліся падаўжаць дамову арэнды з прадпрымальніцай Людмілай Крыловіч у адплату за актыўнасць у абароне правоў ды інтарэсаў арандатараў, якія гандлююць у гэтым цэнтры. У канцы жніўня - пачатку верасня 2011 прадпрымальнікі праводзілі сходы, патрабуючы не дапусціць скасавання кантрактаў арэнды з імі, баючыся, што займаныя імі памяшкання гаспадары перададуць у арэнду расейскай гандлёвай сетцы «Эльдарада». Пасля дырэктар гандлёвага цэнтра «Прэстан» Васіль Пашурын заяўляў, што высялення ІП не плануецца, піша «Ежедневник».
«15 студзеня 2012 г мой ралет перадалі ІП Трыфанавай, якая гандлюе насупраць. Сабраўшы ўсе дакументы, я падала ў гаспадарчы суд пазоў, патрабуючы прызнаць незаконным непрацяг дамовы арэнды арэндадаўцамі, які яны абгрунтоўвалі толькі сваім нежаданнем са мной працаваць. Тым больш, што ўсе дамоўныя абавязанні я выконвала - усе выплаты мною рабіліся і ніякіх прэтэнзій з гэтай нагоды ў іх не было», - распавяла Людміла Крыловіч.
16 лістапада 2012 года Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці пад старшынствам Людмілы Богуш прызнаў рацыю прадпрымальніцы, абавязаўшы адказнікаў перавесці на яе правы і абавязкі ў дамове арэнды яе былога ралета ў «Прэстане» і вярнуць пазоўніцы 1 млн рублёў дзяржаўнага збору.
Адказнікі не пагадзіліся з пастановай гаспадарчага суда, і 7 снежня Васіль Пашурын падаў апеляцыю. У ёй гаварылася, што ўладальнікі «Прэстана» ніколі не пацвярджалі «факту наяўнасці асабістага прадузятага стаўлення да пазоўніцы праз падзеі лета 2011 года, а нават наадварот». «Актыўная грамадзянская пазіцыя індывідуальных прадпрымальнікаў, не толькі пазоўніцы, супольныя нарады арандатараў, арэндадаўца, прадстаўнікоў адміністрацыі г.Магілёва дапамаглі знайсці кампраміс і стварыць узаемавыгадныя ўмовы для далейшага супрацоўніцтва», - пісаў Пашурын.
Тым не менш, пры разглядзе апеляцыі 4 студзеня 2013 Магілёўскі гаспадарчы суд зноў стаў на бок Людмілы Крыловіч, прызнаўшы вінаватасць арэндадаўцаў, і пастанова суда першай інстанцыі ўвайшла ў дзеянне. Сёння прадпрымальніца адправіла заяву арэндадаўцам аб пераводзе на яе правоў арэнды гандлёвай плошчы ў «Прэстане», бо, з ейных слоў, Пашурын не прыняў у яе гэтыя дакументы з рук, заявіўшы, што яны маюць намер падаваць скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд. «Гаспадары «Прэстана» спадзяюцца на Менск, бо самі з Менску. Мабыць, там яны будуць спрабаваць дамовіцца», - мяркуе Крыловіч.